Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераконвалі, што за мітынгі плацяць. Пэнсіянэрка расказала, што адбывалася ў міліцыі пасьля затрыманьня


Валянціна

Пэнсіянэрка Валянціна выйшла на першы марш пэнсіянэраў у Горадні з Канстытуцыяй у руках. Яна расказала, як яе затрымлівалі, як рэагавалі на просьбу выклікаць хуткую і пра што яна размаўляла ў міліцыі.

На марш пэнсіянэраў у Горадні 12 кастрычніка выйшлі 70–100 чалавек. У выніку шэсьць жанчын затрымалі, адну зь міліцыі завезьлі ў шпіталь. Сярод затрыманых аказалася і 60-гадовая Валянціна.

«Нікога ня білі, груба ні да кога ня ставіліся. Адзінае — у аўтобусе жанчыне было блага, і ёй ніхто не паверыў. Тое самае было ў аддзяленьні. Яны былі ўпэўненыя, што яна сымулянтка. Я ім тлумачыла, што гэтая жанчына проста вельмі моцна спужалася», — узгадвае Валянціна пра паплечніцу.

Гэтай жанчыне стала блага ў міліцэйскім аўтобусе. Яна пачала крычаць, ёй не хапала паветра. Міліцыянты адчынілі дзьверы і выпусьцілі яе падыхаць, аднак потым вырашылі, што яна хоча ўцячы, і вярнулі пэнсіянэрку ў аўтобус. У РАУС жанчына пачала ванітаваць.

«Другая жанчына сядзела і зусім нічога не казала. Такое адчуваньне, што яна страціла мову», — успамінае Валянціна яшчэ пра адну затрыманую жанчыну, у якой пагоршыўся стан пасьля затрыманьня.

Валянціна мяркуе, што яе забралі, бо на маршы яна паводзіла сябе актыўна. Паказвала Канстытуцыю кіроўцам аўтамабіляў, што праяжджалі міма і сыгналілі. Да таго ж, яна размаўляла па дарозе зь міліцыянтам, каб давесьці сваю пазыцыю.

У міліцыі сказала, што прыехала на мітынг мэтанакіравана

«Я выйшла з Канстытуцыяй, каб паказаць, што варта захоўваць законы на ўсіх узроўнях улады, незалежна ад статусу чалавека ў грамадзтве», — кажа жанчына.

У міліцыі Валянціне паказалі відэаролік з камэнтаром, маўляў, у Польшчы і Нямеччыне б’юць пратэстоўцаў. На што тая адказала, што б’юць ня мірных пратэстоўцаў, а тых, хто паліць машыны, разьбівае вітрыны, супраціўляецца паліцыі.

«Чаму мяне забіраюць, абшукваюць, як злачынцу, забіраюць мае рэчы? Хто даказаў, што я злачынца, парушыла нейкі закон? На якой падставе забралі мае асабістыя рэчы, мой тэлефон? Гэта парушэньне маіх правоў», — абуралася яна.

Яна прызналася ў міліцыі, што прыехала на мітынг мэтанакіравана, а не праходзіла міма. «Паважаем», — узгадвае адказ міліцыянтаў суразмоўца.

«Вы супраць улады ці супраць асобнага фатаздымку?» — узгадала яшчэ адно пытаньне на допыце жанчына.

«А вы давядзіце, што гэта ў нас білі»

Затрыманую пераконвалі ў РАУС, што яна прыходзіць на мітынгі, бо ёй за іх плацяць. Расказалі, што нібыта яны затрымалі паляка з 5 тысячамі даляраў, які прыехаў у Беларусь, каб аплаціць акцыі пратэстоўцаў. Валянціна аспрэчыла, што атрымлівае грошы за ўдзел у акцыях.

На пытаньне міліцыянта, зь якой мэтай яна выйшла на акцыю, жанчына паказала відэа, дзе затрыманых прапускаюць праз «калідор пекла» і б’юць. Патлумачыла, што яна супраць гвалту.

«А вы давядзіце, што гэта ў нас», — адказаў міліцыянт.

«Дык вы што, ня бачыце, што форма нашая? Гэта Акрэсьціна», — патлумачыла жанчына.

«Не, вы не даказалі», — не пагадзіўся супрацоўнік.

На яе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Аднак Валянціну гэта не напужала.

«Я супраць гвалту, крыві. Я заўсёды буду выходзіць, калі будуць біць, забіваць, парушаць законы. Гэта адназначна. Я не хачу, каб у нас пралівалася кроў невінаватых людзей. І так кожны сьвядомы грамадзянін нашай дзяржавы хоча, каб у нас быў парадак і закон. Мы ня хочам, каб сюды лез Пуцін, каб сюды лез Эўразьвяз. Мы ў сваёй дзяржаве разьбяромся самі. Я за незалежную Беларусь», — кажа яна.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG