Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ведаю». «Ня чула». «Забыўся». Што кажуць сябры камісіі пра скандальны аўдыёзапіс з падліку галасоў


Ілюстрацыйнае фота

У рэдакцыю Свабоды даслалі аўдыёзапіс, які, мяркуецца, зроблены 9 жніўня на выбарчым участку № 70 у менскім Доме культуры МАЗ. Як вынікае з запісу, сяброў камісіі прымушалі падпісаць сфальсыфікаваны пратакол, хаця насамрэч на ўчастку перамагла Сьвятлана Ціханоўская.

Раней гэты аўдыёзапіс апублікавала «Наша ніва».

«Былі спрэчкі, але наконт бюлетэняў»

Старшыня выбарчай камісіі Ўладзімер Мікалаевіч Усачоў працуе на МАЗе намесьнікам галоўнага інжынэра ў тэхнічнай падрыхтоўцы вытворчасьці і якасьці. Ён сказаў журналісту, што слухаў гэты аўдыёзапіс.

— Я слухаў гэты запіс, там настолькі ўсё незразумела... Як яго рабілі, я ня ведаю. Пратакол падпісаны сябрамі камісіі, былі спрэчныя пытаньні аб некаторых бюлетэнях.

— А ці вы пазнаяце там свой голас?

— Зусім не пазнаю, але кажуць, што чалавек не пазнае свой голас, таму... я не пазнаю.

— Дык што, нічога падобнага не было?

— Былі спрэчкі, але наконт бюлетэняў. Ну напрыклад: сапраўдны, несапраўдны.

— А на вашым участку хто перамог, якія там лічбы?

— Вы ведаеце, я ўжо забыўся.

«Баюся, што гэта фальшыўка, — кажа на разьвітаньне Ўладзімер Усачоў. — Магчыма, трэба было ўкінуць перад гэтым 26 кастрычніка, каб узбурыць народ».

Сакратарка гэтай жа выбарчай камісіі Тацяна Маліноўская (таксама працуе на МАЗе) не захацела размаўляць пра аўдыёзапіс.

«Я нічога ня ведаю, нічога ня чула, — сказала Тацяна Маліноўская. — Чаго вы ад мяне хочаце? Я не хачу з вамі размаўляць».

Сябра камісіі, работніца прафкаму МАЗа Галіна Віктараўна Канаплянік, да якой немагчыма было дазваніцца некалькі дзён, таксама не захацела пракамэнтаваць сытуацыю і адказаць, ці насамрэч старшыня камісіі прымушаў падпісаць падроблены пратакол.

«Я не хачу з вамі абмяркоўваць гэтую тэму. Больш не перашкаджайце мне працаваць».

І яшчэ адна работніца МАЗу і сябра камісіі Марына Дзерах сказала, што ня будзе даваць камэнтароў:

«Я вам нічога не скажу, гэта не да мяне зьвяртайцеся».

Што кажуць на стужцы?

Мужчына: Ну, дык што, падпісваем? Міхалыч, ты што?

Мужчына: (...) Якія лічбы?

Мужчына: (...)Такія лічбы па ўсім раёне...Я сказаў генэральнаму, што камісія ў поўным складзе падтрымлівае.

Віктараўна: 10-20%, Мікалаевіч, лёгка пацьвярджаць.

Мужчына: Віктараўна!

Віктараўна: 10-20%, прабач, але тут перакос. Вы як хочаце, няхай мяне выганяюць з працы, што заўгодна. Маё ўнутранае сумленьне не дазволіць. Я не магу, я не падпішу. Астатнія як хочуць, у мяне проста сваё сумленьне. Я не магу гэта падтасаваць. Можна, калі крышку, я лічу, можна. За Дзьмітрыева 0, за Канапацкую 0, за Чэрачня 2 чалавекі ўсяго толькі, за Лукашэнку ў мяне ўсяго толькі 3 чалавекі. Усё, астатнія ўсе за Ціханоўскую. Я не магу проста. Я не магу, хоць павесьце мяне. (...) Як мы будзем людзям у вочы глядзець? Мы выйдзем і людзі будуць нас сустракаць, як мы будзем людзям у вочы глядзець?

Мужчына: То бок усе белыя і пухнатыя, так я разумею.

Жанчына: Ну, што значыць белыя і пухнатыя?

Мужчына: А што?

Жанчына: Дык трэба давесьці рэальныя лічбы, няхай ведаюць, як людзі прагаласавалі.

Жанчына: Едзьце ў выканкам і даводзьце.

Мужчына Падпісвайце!

Мужчына: Так, сорамна будзе, мне сорамна і раней было.(...) Пазаўчора, тры дні таму, учора было сорамна, сёньня было сорамна.

(...)

Жанчына: Настолькі яўна,што...Патэлефануй у выканкам і скажы, як ёсьць насамрэч.

Мужчына: Віктараўна, ты што, зьдзекуесься? Што, думаеш, я не казаў? Учора казаў (...)

Жанчына: Дык што, нас тут усіх за ідыётаў трымаюць? Дурні тут усе? (...) Я дапускаю 20%, згодная, як заўсёды.

Мужчына: Віктараўна, не падпісваесься? Ну што, будзем таргавацца?

Жанчына: Я не магу.

Мужчына: Я зараз тады дакладаю генэральнаму пра становішча на выбарах. Вось і ўсё. Як хочаце. Я не пужаю, але мушу дакласьці рэальную абстаноўку. Марына?

Жанчына: Я не змагу (...)

Мужчына: Сьцяпанавіч?

Мужчына: Тое ж самае.

Мужчына: То бок ніхто не падпісвае.

Мужчына: Рабіце працэнтаў пяць розьніцу (...)

Жанчына: Мы ўсе абураныя, а што толку.

(...)

Мужчына: Бяз вас дакладна і завод будзе працаваць (...)

Мужчына: На фіга пужаеце?

(...)

Мужчына: Лічбы будуць у кожным разе. Ня мы, дык Заводзкая раённая камісія...

Мужчына: Будуць, але безь мяне. (...) Асабіста я таксама такія лічбы не падпішу. Нават няхай звальняюць.

(...)

Жанчына: Няхай сваімі рукамі і заграбаюць, навошта нашымі?

Мужчына: Марына, ты, можа, хочаш, няхай цябе звольняць. А мяне звольняць, цябе нідзе ня возьмуць ні на якую працу. Вось тады мы недзе будзем некаму расказваць. Я разумею, каму 60 гадоў...

Жанчына: Можна не павышаць на мяне голас?

Мужчына: Я не павышаю голас.

Мужчына: Я кажу як ёсьць, генэральны таксама асабліва цырымоніцца ня будзе. (...) На жаль, мяне за язык чорт пацягнуў сказаць, што камісія працуе дружна, зладжана і ўсё будзе добра.

Жанчына: Я не чакала, што такія лічбы будуць.

Жанчына: Дык ніхто не чакаў.

Жанчына: Я ў шоку, я таксама не чакала, я думала, будзе роўненька ісьці так вось.

(...)

Мужчына: Падумайце, усё роўна гэта будзе, але проста наступствы будуць дрэнныя для нас. Таму я лічу, што трэба падпісаць. (...) Думаю, што будзе неяк спакойна ў рэспубліцы. Трэба недзе сябе перамагчы, але падпісаць. Проста знойдзем прыгоды на адно месца. (...) Трэба падпісваць.

(...)

Жанчына: Яны Ціханоўскую пісалі, і вы ёй такія маленькія лічбы паставілі? Ну наагул, ну. Яму столькі ставіце, а ёй зусім маленькую.

(...)

Мужчына: Віктараўна, не памяняем. Зараз вось мне тэлефанавалі з выканкаму.

Жанчына: Гэта ж хлусьня, шалёная хлусьня, разумееш?

Мужчына: Віктараўна, што вы кажаце? Нібыта я гэтага не разумею, столькі мяне ўгаворваеце, што я тупы зусім?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG