Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлеграм-канал NEXTA-Live і лягатып NEXTA ў Беларусі прызналі экстрэмісцкімі


Сьцяпан Пуціла, заснавальнік тэлеграм-каналу NEXTA-Live.

Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Telegram-канал NEXTA-Live (t.me/nexta_live) і лягатып NEXTA экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе Вярхоўнага суду Беларусі.

Тэлеграм-канал NEXTA-Live зьяўляецца найбуйнешым ТГ-каналам на славянскай мове, ён мае амаль 2 мільёны падпісчыкаў.

Судовая справа разглядалася па заяве Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, якое палічыла, што ў інфармацыйнай прадукцыі (відэаролікаў, заклікаў і публікацыяў як ад імя самой рэдакцыі канала, так і падпісчыкаў) ёсьць прыкметы экстрэмісцкай дзейнасьці, а менавіта арганізацыі і публічных заклікаў да ажыцьцяўленьня масавых беспарадкаў.

Паводле рашэньня суду Міністэрства інфармацыі мусіць уключыць Telegram-канал NEXTA-Live і лягатып NEXTA ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, прыняць захады для абмежаваньня доступу да інфармацыйных рэсурсаў, якія зьмяшчаюць аналягічныя найменьні, і іх распаўсюду у беларускім сэгмэнце інтэрнэту.

У МУС патлумачылі, што з гэтага часу апублікаваньне або разьмяшчэньне, у тым ліку спосабам перапосту, інфармацыі з лягатыпам NEXTA або з NEXTA-Live цягне за сабой адміністрацыйную адказнасьць за распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць (ч. 2 арт. 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь).

Тэлеграм-канал ужо адрэагаваў на гэтае рашэньне: «Што ж, мы б рады перагарнуць гэтую старонку, але паколькі мы працуем строга ў межах беларускага заканадаўства, будзем цяпер думаць над рэбрэндынгам».

У лістападзе 2019 улады Беларусі прызналі фільм Nexta «Аляксандар Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы» экстрэмісцкім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG