Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кадэт з Пагоняй: «Наўрад ці хто-небудзь з маіх сяброў надзене балаклаву»


Мікіта Гвозьдзеў на фота другі справа. 16 кастрычніка 2015 году

Мікіта Гвозьдзеў, адзін з герояў фота кадэтаў з Пагоняй, якое выклікала вялікі розгалас пяць гадоў таму, расказаў сайту «Салідарнасьць» сваю гісторыю.

У кастрычніку 2015 году чацьвёра кадэтаў Ястрамбельскай школы-інтэрнату, што ў Баранавіцкім раёне, сфатаграфаваліся ў майках з «Пагоняй». Фота зьявілася ў сацыяльных сетках і выклікала вялікі розгалас.

Адзін з былых кадэтаў, які быў на фота, Мікіта Гвозьдзеў расказаў пра падзеі пяцігадовай даўніны, а таксама як гэтая гісторыя паўплывала на яе герояў.

«​Я не шкадую, што так зрабіў»​

«Фатаграфію выклаў я. Мы з хлопцамі гэты момант не абмяркоўвалі, ставіць яе куды-небудзь ці не», — кажа Мікіта.

Паводле яго, да той гісторыі падобныя фатаграфіі ў вучэльню не былі рэдкасьцю, таму ён не перажываў за магчымыя наступствы. Ды і не прадбачыў іх. У іншых кадэтаў былі майкі і шапкі з сымболікай, бел-чырвона-белыя сьцягі.

«Я не шкадую, што так зрабіў. Хлопцы таксама да гэтага паставіліся нармальна. Тады нам здавалася, што гэта звычайная рэч, патрыятызм. Думалі, што такім фота ўжо нікога ня зьдзівіш», — успамінае Мікіта падзеі кастрычніка 2015 году.

У выпускным фотаальбоме вучылішча за 2017 год Мікіты няма. Ён расказаў, што забраў дакумэнты праз некалькі месяцаў пасьля той гісторыі:

«Трэцюю чвэрць пасьля Новага году я ўжо вучыўся ў сваёй роднай школе».

Ён кажа, што яго рашэньне перавесьціся ў школу не было зьвязана з ціскам адміністрацыі вучэльні:

«Выкладчыкі да сытуацыі паставіліся з разуменьнем. Ясна, што дырэктару далі па шапцы. З намі правялі выхаваўчую гутарку, пазбавілі на тыдзень звальненьняў за парушэньне формы адзеньня».

«​Я застаўся ранейшым, пры сваіх ідэях»​

Цяпер Мікіта заканчвае ўнівэрсытэт. Адзін з удзельнікаў фота з «Пагоняй» пасьля заканчэньня вучэльні зьехаў працягваць вучобу за мяжу. Двое іншых вучацца ў Беларусі. Маладыя людзі падтрымліваюць сувязі.

«Я застаўся ранейшым, пры сваіх ідэях. Аб хлопцах шмат чаго не скажу, але ня думаю, што іх сустрэну на вуліцы ў балаклаве».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG