Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«10 тысяч ня могуць перамагчы 9 мільёнаў», — Максім Кац пра суд над Лукашэнкам, будучыню Калесьнікавай і прыезд у Менск


Максім Кац

Расейскі блогер, палітык, грамадзкі дзяяч Максім Кац у інтэрвію Свабодзе аналізуе Партызанскі марш у Менску, рэвалюцыю двароў, фармат размовы з Лукашэнкам, тлумачыць, чаму мірным пратэстоўцам не патрэбныя парады звонку, і расказвае, калі ён прыедзе ў Беларусь.

Сьцісла

  • У Расеі цяпер не чуваць заяваў у падтрымку Лукашэнкі. У Расеі ўсім зразумела, што гэта ня спыніцца і што адзіны магчымы кампраміс — сыход Лукашэнкі.
  • Калі ў Беларусі будуць сумленныя выбары, Марыя Калесьнікава можа прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы ці іншыя сур’ёзныя пасады.
  • Ультыматум — гэта ня значыць, што 26-га — фінальная схватка. Гэта гісторыя, якая працягваецца, гэта вайна на зьнясіленьне, і рэсурсы ў пратэсту нашмат большыя, чым ва ўлады. 10 тысяч ня могуць перамагчы 9 мільёнаў.
  • Беларускім блогерам мяне часам называюць, бо ў маім YouTube-канале мільён чалавек зь Беларусі быў у жніўні-верасьні. Кожны дзясяты.
  • Мне скардзяцца падпісчыкі, што ў мяне ў youtube рэклямуецца, таргетуецца БТ і АНТ. У рэклямных паўзах яны разьмяшчаюць у мяне свае перадачы.
  • Людзі за два месцы «зьбілі» Лукашэнку, які лічыўся самым устойлівым дыктатарам на постсавецкай прасторы, больш устойлівым, чым Пуцін. Людзям, якія гэтага дамагліся, не патрэбныя ніякія парады.
  • Лукашэнка ўвесь час робіць крокі, якія яго аслабляюць, і рана ці позна ён зваліцца.
  • Як толькі адбудзецца перамога, мы з Варламавым прыедзем у Беларусь, зробім сустрэчу з гледачамі.

Максім Кац, 35 гадоў. Расейскі палітык, грамадзкі дзяяч, сузаснавальнік фонду «Гарадзкія праекты», аўтар аднанайменнага канала на YouTube, чэмпіён Расеі па спартыўным покеры, вікіпэдыст, былы дэпутат муніцыпальнага сходу маскоўскага раёну Шчукіна ад партыі «Яблоко». Адзін з самых папулярных блогераў у Беларусі.

«Дзьве генэральныя лініі прапаганды — пратэсты зьмяншаюцца, Ціханоўская — агент Захаду, і ўсё гэта, каб аслабіць Расею»

— Мы размаўляем празь некалькі гадзін пасьля завяршэньня Партызанскага маршу ў Менску, на які, нягледзячы на пагрозы страляць, выйшлі дзясяткі тысяч, і я б хацела пачаць з вашай ацэнкі гэтай акцыі, новага маршруту, але не фармату, дзеяньняў большасьці і меншасьці.

— Усё крута. Кожны раз усе непакояцца, што пратэст зьдзьмуўся. Нават прапагандысты ўвесь час спрабуюць пра гэта гаварыць. Мы нядаўна рабілі экспэрымэнт у рамках адной дыскусіі — у праўладнага буйнога расейскага тэлеграм-каналу замовілі, каб яны напісалі пост для прасоўваньня праўладнага беларускага парадку дня, каб паглядзець, як тонка яны гэта гатовыя зрабіць. Яны напісалі. Былі дзьве асноўныя думкі: што пратэсты зьмяншаюцца, і што Ціханоўская — агент Захаду, і ўсё гэта, каб аслабіць Расею. Гэта дзьве генэральныя лініі прапаганды.

Гэта мы замовілі, але нікуды не выпускалі, а такое ўвесь час выходзіць і за вялікія грошы публікуецца. І тэлебачаньне працуе на тое, каб патлумачыць, што пратэсты зьдзьмуліся. Палохаюць, што страляць будуць баявымі, старшыня КДБ заяўляе, што нейкая правакацыя адбудзецца. Толькі што гідрамэтцэнтар не абвясьціў, што будзе тарнада над Партызанскім праспэктам. І нічога не спрацавала. Людзі працягваюць праяўляць настойлівасьць, працягваюць выходзіць на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца. Гэта паказвае, што людзі не супакояцца і няма спосабаў гэта неяк спыніць.

«Калі пэнсіянэры выйшлі, гэта значыць, што пратэстуюць усе»

— Больш за 70 дзён працягваецца мірны пратэст у Беларусі, і не было ніводнага дня без рэпрэсій. Як вам здаецца, хто больш стаміўся ў гэтым супрацьстаяньні — мірныя людзі, людзі ў чорным ці Лукашэнка?

— Канечне, найбольш стамілася ўлада. Мірныя людзі — гэта ж мільёны людзей, зь якіх сотні тысяч выходзяць цягам аднаго тыдня. Ёсьць рэпрэсіі, затрыманьні, зьбіцьцё, газ, сьвятлашумавыя гранаты, але праз гэта праходзіць малая доля ўдзельнікаў пратэстаў. У асноўным людзі выходзяць і вяртаюцца дадому. У іх уздымаецца настрой, я гэта бачу па пастах людзей. Асабліва марш пэнсіянэраў выклікаў вялікі эфэкт. У цэлым людзі жывуць сваім жыцьцём і пратэстуюць. Калі мы паглядзім з боку эліт, з боку лукашэнкаўскага атачэньня, з боку гэтых байцоў, то ў іх кожны дзень адбываецца пякельнае пекла. Яны павінны біць мірных грамадзян, што ня так проста. Людзям падаецца, што яны нацкаваныя, насамрэч не. У любых, нават самых нацкаваных людзей ёсьць нейкая рэфлексія. Ім трэба штораз пераадольваць сябе, зь імі трэба працаваць ідэалягічна, і ўсю гэтую працу трэба неяк весьці.

А ў элітаў ёсьць адчуваньне, што гэта не заканчваецца. Яны не разумеюць, як гэта спыніць. Канечне, яны адчуваюць псыхалягічную стомленасьць, стомленасьць ад супрацьстаяньня. Яны выглядаюць у гэтым супрацьстаяньні нашмат слабейшымі. Палітычны пратэст мацнейшы ў разы. Ён уключае ўсё грамадзтва. Калі пэнсіянэры выйшлі, гэта значыць, што пратэстуюць усе. У любой улады пэнсіянэры — гэта апірышча, пажылое насельніцтва — галоўны прыхільнік статус-кво заўсёды. А тут яны выходзяць на пратэсты і скандуюць: «Лукашэнку ў аўтазак».

Усё гэта прыводзіць да вельмі вялікага напружаньня сярод людзей ва ўладзе, і ў выніку гэтага зьяўляюцца візыты ў СІЗА, спробы біць, пагражаць, палохаць. Яны шукаюць, як бы гэта спыніць, але, як бачна, спыніць гэта не атрымаецца. Празь некаторы час усім ім будзе прыходзіць у галаву адна думка, што гэта можна спыніць, і нават можна захаваць свабоду для сябе і, магчыма, нават нейкія пазыцыі для тых, хто ня моцна запэцкаўся, у выпадку, калі сыдзе Лукашэнка. І гэта пачнуць разумець усе, у дадзеным выпадку ўсходнія партнэры, Расея, якая крыху яго падтрымлівала, а цяпер ужо не. Цяпер не чуваць заяваў у падтрымку Лукашэнкі. Я думаю, што цяпер і ў Расеі ўсім зразумела, што гэта ня спыніцца і што адзіны спосаб, адзіны магчымы кампраміс — сыход Лукашэнкі.

«Калесьнікава зрабіла самы моцны крок з усіх лідэраў»

— Максім, я глядзела вашу размову з Марыяй Калесьнікавай пасьля выбараў. Было такое ўражаньне, што вы добра знаёмыя. Ці так гэта? Ці падтрымліваеце вы зь ёй сувязь праз адвакатаў, перапіску? Што б вы ёй цяпер сказалі, калі б яна нас чула?

— Мы зь ёй тады ўпершыню гаварылі. Я за ёй, канечне, сачыў, і яна за мной таксама, асабліва калі мяне пачалі глядзець у Беларусі. Магчыма, мне варта ёй напісаць. Марыя стала ахвярай палітычных рэпрэсій. Яна трымаецца вельмі моцна. Яна зрабіла самы моцны крок з усіх лідэраў, сымбалічны крок, калі не дала сябе выдварыць з краіны, калі парвала свой пашпарт. Гэта многіх захапляе, многім паказвае, як можна дзейнічаць рашуча.

І цяпер, калі была сустрэча з Лукашэнкам, яна ня ўдзельнічала, адмовілася. Яна дэманструе моцную сілу духа і волі. Да гэтага іх штаб і яна сама асабіста дэманстравалі вельмі моцныя палітычныя крокі. Калі ў Беларусі будуць сумленныя выбары прэзыдэнта, ці парлямэнцкія выбары, а гэта будзе хутка, думаю, што Марыя можа прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы ці іншыя сурʼёзныя пасады.

«Зьнясіленьне ўлады пачнецца хутчэй, таму што ўсё грамадзтва паўстала»

— Вы кажаце пра моцныя крокі. Як вы лічыце, «народны ўльтыматум» Ціханоўскай — гэта моцны крок?

— Гэта зразумелы, добры крок, які мае на мэце кансалідаваць у пэўным месцы рэсурсы, сказаць, што пасьля гэтай даты мы больш займаемся эскаляцыяй. Важна ўсім разумець, што гэта ня крок ва-банк, гэта ня значыць, што 26-га — фінальная схватка, гэта ня так. Гэта гісторыя, якая працягваецца, гэта вайна на зьнясіленьне, і рэсурсы ў пратэсту нашмат большыя, чым ва ўлады. І зьнясіленьне ўлады пачнецца хутчэй, таму што ўсё грамадзтва паўстала. Калі 9 мільёнаў чалавек супраць паўтары тысячы амапаўцаў і 10 тысяч чалавек, якія ўтрымліваюць уладу ў розных іпастасях і формах, то 10 тысяч ня могуць перамагчы 9 мільёнаў.

Гэта будзе перамога мірнага пратэсту, але гэта не адбудзецца ў адзін канкрэтны дзень. Будуць страйкі, гэта добра. Яшчэ адзін сыгнал. Калі рабочыя выклікалі да сябе кіраўніцтва заводу, гораду, гэта было вельмі моцна. Гэта чарговыя моцныя крокі, якія дэманструюць адзінства грамадзтва. Тут і рабочыя, і бабулі, і жанчыны, і інваліды, і спартоўцы, а па нядзелях усе разам. Гэта ня будзе фінальнай схваткай, а будзе адным з эпізодаў гэтай гісторыі.

«Лукашэнка — не палітычны актар у дадзены момант»

— А вы б хацелі пагаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам? Які б фармат гутаркі вы выбралі? Тролінг, сурʼёзная размова?

Максім Кац. 2018 год.
Максім Кац. 2018 год.

— Мне няма пра што зь ім размаўляць. Яго трэба судзіць беларускім сумленным судом. Можа, ён будзе складацца з прысяжных, можа, гэта будзе судовая калегія, якая будзе яго судзіць за тыя злачынствы, якія ён зьдзейсьніў, якія зьдзейсьнілі людзі па ягоным указаньні. Гэта не палітычны актар у дадзены момант. Мне няма пра што зь ім гаварыць як расейскаму палітыку, як мэдыйнаму пэрсанажу ў Беларусі, як беларускаму блогеру, як мяне часам называюць, бо ў маім YouTube-канале мільён чалавек зь Беларусі быў у жніўні-верасьні. Гаварыць няма пра што. Гэта злачынца, якога трэба судзіць. І размаўляць зь ім павінен пракурор і яго адвакат, а не журналіст, блогер, палітычны дзяяч, палітык.

«Калі сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, я думаю, мы адкрыем там „Гарадзкія праекты“ з Варламавым»

— Вы адзін са стваральнікаў расейскай грамадзкай арганізацыі «Гарадзкія праекты», якая робіць гарады зручнымі для жыцьця. Як вы ацэньваеце беларускую рэвалюцыю двароў, стварэньне гарадзкіх мікрасупольнасьцяў, незалежных ад уладаў? Назіральнікі адзначаюць, што беларусы паступова становяцца гарадзкой нацыяй, якая не сьпяшаецца ў выходныя ў вёску ці на дачу на свае агароды, і яны ніколі ня прымуць Лукашэнку, які ніколі не хаваў сваёй нелюбові да гарадзкіх.

— У такой урбанізаванай краіне цяжка быць, а цяпер зусім немагчыма быць прэзыдэнтам, які так ставіцца да гарадзкога насельніцтва. Калі не памыляюся, 80% жыхароў Беларусі жыве ў гарадах. Вялікі працэнт урбанізацыі. Разьвітая краіна, адукаванае грамадзтва, зразумелы працэс. Гэта цікава і клясна. Я ня ведаю, якія там грамадзкія прасторы ў дварах, думаю, над імі працуюць. Малююць муралы. Я бачыў, што ў адным двары людзі мяне глядзелі. Мне было прыемна.

Што тычыцца ўрбаністыкі ў цэлым, транспартнай урбаністыкі, зручнасьці гораду для пешаходаў, для маламабільных групаў, для пажылых людзей, для людзей, якія перасоўваюцца пешкі, то калі я некалькі гадоў таму быў у Менску, дык бачыў, што з гэтым былі праблемы. Цяпер гэта ня тэма для размовы. Калі сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, я думаю, мы адкрыем там «Гарадзкія праекты» з Варламавым і пастараемся зрабіць грамадзкую арганізацыю ў Менску, якая будзе прасоўваць тэму зручных гарадоў у новай Беларусі з адэкватнай уладай.

«Мільён быў у жніўні-верасьні, цяпер каля 700 тысяч наведнікаў зь Беларусі»

— Вы гаварылі пра мільён вашых падпісчыкаў у Беларусі. Напэўна, вы аналізавалі вашу аўдыторыю ў Беларусі па ўзросьце, адукацыі, гендэры.

— Цяпер адкрываю аналітыку за апошнія 28 дзён. 2 мільёны ўнікальных наведнікаў, унікальных гледачоў, зь іх 35% — зь Беларусі, 43% — з Расеі. Мільён быў у жніўні-верасьні, цяпер каля 700 тысяч. 26% — жанчыны, 73% мужчыны. У Інстаграме наадварот. У Інстаграме ў мяне 80 тысяч падпісчыкаў, зь іх 60 тысяч зь Беларусі. У YouTube-канале 18–24 гады — 20%, 25–34 — 43%, 35–44 — 19%, 45–54 — 8%, 55–64 — 5%, 13–17 — 1%. Гэта мала.

— Як вы атрымліваеце інфармацыю пра Беларусь, на каго падпісаныя, якім СМІ давяраеце?

— Некалькі людзей, якія ў нас працуюць, жывуць у Менску ці зьехалі зь Менску пасьля таго, як трапілі там у турму. Зь Менску нам пішуць аналітыку. Фота, відэа спэцыяльна для нас здымаюць. Сам я чытаю «Нехту», «Беламову», «Беларусь галаўнога мозга» ў тэлеграме, я падпісаны на Tut.by у Твітэры і Тэлеграме, часам заходжу на іх сайт. Свабоду і «Эўрарадыё» часам гляджу падчас вострых падзей, калі ёсьць стрымы. Я часткова разумею, але ня ўсё. Я ня ведаю беларускай мовы, і мне складана. Часам мы бяром матэрыялы Свабоды, я сачу, калі ёсьць цікавыя жывыя эфіры.

Мне скардзяцца падпісчыкі, што ў мяне ў YouTube рэклямуецца, таргетуецца БТ і АНТ. У рэклямных паўзах яны разьмяшчаюць у мяне свае перадачы. Я так разумею, што беларускае тэлебачаньне настолькі ніхто не глядзіць, ніхто яму не давярае, што яны, каб нехта глядзеў, у мяне разьмяшчаюць рэкляму, таргетуючы на маю аўдыторыю. Я спрабую ўнутрыютубнымі інструмэнтамі забараніць гэта, забаніць іх, але не атрымліваецца, яны абыходзяць. Я баню адных, яны іншыя ствараюць. Беларускае тэлебачаньне спрабуе атрымаць свайго гледача хоць неяк, гэта выклікае толькі сьмех.

«На Майдане зьбіраўся такі самы працэнт жыхароў Кіева, як цяпер зьбіраецца жыхароў Менску»

— Расейскі апазыцыйны палітык Вячаслаў Мальцаў нядаўна прапанаваў свой плян, што павінна зрабіць Ціханоўская, каб рэжым Лукашэнкі паў за тры дні. Ва Ўкраіне шмат назіральнікаў раяць удзельнікам мірных пратэстаў і лідэрам больш актыўныя дзеяньні, бо, зь іх пункту гледжаньня, доўгі мірны пратэст ня дасьць выніку. Ці варта прыслухоўвацца беларусам да парадаў, як зрабіць усё хутчэй?

— Вячаслаў Мальцаў не зьяўляецца апазыцыйным палітыкам. Ён некаторы час быў апазыцыйным палітыкам, потым абвясьціў на пэўную дату ў Расеі рэвалюцыю. Год расказваў, што будзе рэвалюцыя, потым ніякай рэвалюцыі ў гэтую дату не адбылося, многіх яго людзей у Расеі арыштавалі і пасадзілі, а сам ён пасьпеў зьехаць і жыве цяпер у эміграцыі.

Самі ўкраінцы тры месцы хадзілі мірна, зьбіралі народныя вечы таксама раз на тыдзень, як цяпер беларусы. Зьбіраўся такі самы працэнт жыхароў Кіева, як цяпер зьбіраецца жыхароў Менску. Нічога сілавога яны не рабілі, пакуль праз тры месяцы іх не дасталі зусім, і тады пачалося. У Беларусі яшчэ тры месяцы не прайшло. Гэтыя парады слухаць ня варта. Здалёк такога кшталту парады даваць вельмі зручна, таму што людзі не нясуць ніякіх рызыкаў. Асабліва з Расеі я бачу шмат дарадцаў, што мірны пратэст не працуе, трэба тое ці тое. Вельмі зручна раіць, калі цябе ня могуць арыштаваць, ня могуць пабіць, у цябе ня кідаюць сьвятлашумавую гранату, а ты сядзіш у Кіеве ці Маскве і разважаеш, што трэба дзейнічаць больш рашуча.

Людзям на месцы лепш відаць, што рабіць, як выходзіць. Тым больш мы бачым, што беларусы робяць вельмі моцныя крокі ўвесь час. Людзі выходзяць кожную нядзелю, нягледзячы на пагрозы, і кожны раз зьяўляюцца новыя фарматы. То Лукашэнку прагналі з заводу, то спартоўцы выступілі, то бабулі выйшлі на мітынг, то інваліды прыйшлі. Жаночыя маршы, актыўнасьць у дварах. Вывешваюць сьцягі, глядзяць, як здымаюць, сьмяюцца і вывешваюць новыя. Увесь час новыя віды пратэсту, якія матывуюць, натхняюць. Яны маральна вельмі моцныя.

Пратэст становіцца інклюзіўным, у ім можа паўдзельнічаць любы, нікому ня страшна. Ніхто, хто назірае, ня можа ня мець сымпатый і ня быць на баку пратэсту. Грамадзкая думка выйграная. І ўсё грамадзтва паўстала ў выніку менавіта мірных пратэстаў. Лукашэнка вымушаны ехаць у СІЗА і кантактаваць з тымі, каго яшчэ месяц таму называў махлярамі, каб хоць як паспрабаваць гэта спыніць. Людзі за два месяцы «зьбілі» Лукашэнку, які лічыўся самым устойлівым дыктатарам на постсавецкай прасторы, больш устойлівым, чым Пуцін. І людзі дамагліся за два месяцы, што ён вымушаны бегчы ў СІЗА і гаварыць з тым, каго пасадзіў, каб неяк затушыць, але нічога не затухае. Людзям, якія гэтага дамагліся за два месяцы, не патрэбныя ніякія парады. Гэтыя людзі самі ведаюць, што рабіць, і ў іх цудоўна ўсё атрымліваецца.

«Палітычны Лукашэнка і ўся яго каманда робяць усё дрэнна, роўна наадварот ад таго, як трэба»

— Вы першы чэмпіён Расеі па спартыўным покеры. Як бы вы з пункту гледжаньня гульца, які гуляе за каманду беларускага народу, які хоча пераменаў, ацанілі тактыку і шанцы суперніка (Лукашэнкі і ягонага сілавога блёку)?

— Калі казаць пра покернае мысьленьне і зрабіць кароткую лекцыю, то пакерыст мысьліць імавернасьцямі. Людзі звычайна мысьляць, будзе ці ня будзе. Калі імавернасьць 70 на 30, то людзі пачынаюць думаць, што гэта дакладна адбудзецца. Пакерыст мысьліць імавернасьцямі. Ён ведае, што 70 на 30 — гэта калі ты кубік кінуў і ў дзьвюх трацінах выпадкаў выйграў, і адна траціна — прайграў, і гэта таксама бывае. У такіх катэгорыях сытуацыю ў Беларусі ацэньваць ня вельмі слушна. У гэтых катэгорыях можна ацэньваць выбары ў Амэрыцы.

Гэтыя пратэсты трэба ацэньваць палітычна, а ня з пункту гледжаньня тэорыі імавернасьці. Палітычны Лукашэнка і ўся яго каманда робяць усё дрэнна, роўна наадварот ад таго, як трэба. Вядома, што калі ты ўжываеш празьмерны гвалт, то ты выклікаеш хвалю пратэсту і хвалю салідарнасьці ў грамадзтве, і ўсе забываюць свае рознагалосьсі і пачынаюць змагацца з агульным ворагам. Паўсюль, дзе спрабавалі ўжываць гвалт, здаралася такая рэакцыя грамадзтва. Гэта ўсе ведаюць.

Аднак ён ужыў гвалт, ня тое што празьмерны, а абсалютна немагчымы гвалт, і працягвае яго ўжываць. І кожны раз ён выклікае гэтую хвалю, і ўсё больш і больш далучаецца людзей да пратэсту. Любыя яго крокі, які ні вазьмі, усе жахліва дурныя. Можна меркаваць пра прычыну гэтага — напэўна, ён ня вельмі разумны, і за 26 гадоў ва ўладзе ў яго атрафавалася тая частка мозгу, якая адказвае за палітычныя дзеяньні, за нейкае плянаваньне. Ён проста жыве ня ў той рэальнасьці, як мы з вамі. У ягонай рэальнасьці ён такі вялікі, у яго вялізарны рэйтынг і ўсе яго падтрымліваюць. Ён шукае нейкі кампраміс сярод беларусаў, і ў ягонай рэальнасьці ёсьць пратэстоўцы і тыя, хто за яго, і іх прыкладна столькі ж. Хоць зразумела, што гэта абсалютна ня так.

Калі падчас выбараў у яго было яшчэ працэнтаў 15–20 (па выніках, якія можна рэальна ацаніць), то цяпер у яго няма і 5% падтрымкі. Ён цалкам далёкі ад рэальнасьці, гэта крыху палохае. Ён увесь час робіць крокі, якія яго аслабляюць, і рана ці позна ён зваліцца.

«Думаю, што больш за 3–4 месяцы гэта не працягнецца»

— Вы адзін з самых папулярных блогераў у Беларусі. А ці ёсьць у вас родныя, сябры, партнэры ў Беларусі?

— Ёсьць знаёмыя, сябры і партнэры. Як мне падаецца, у любога расейца ёсьць такога кшталту сувязі зь Беларусьсю. І гэта яшчэ адна прычына, чаму ў Расеі кіраўніцтва калі і захоча дапамагчы Лукашэнку, то ня зможа. Бо ў Расеі ў палітычна актыўных людзей таксама сымпатыі ў значнай ступені на баку пратэсту. Цяпер у мяне зьявілася яшчэ больш знаёмых зь Беларусі. У нас у рэдакцыі працуе дзяўчына, якая пацярпела ў самы жорсткі пэрыяд, трапіла на Акрэсьціна.

— Можаце спрагназаваць, калі вы прыедзеце ў Беларусь?

— Звычайна такія пратэсты доўжацца ў сярэднім ад 4 да 6 тыдняў. Гэты пратэст працягваецца даўжэй. Тое, што ён не зьмяншаецца, паказвае яго ўстойлівасьць. Цяжка прагназаваць, але я думаю, што больш за 3–4 месяцы ў цэлым гэта не працягнецца, асабліва калі будзе працягвацца такая настойлівасьць, будзе прыдумляцца штосьці новае, як гэта адбываецца цяпер. Як толькі адбудзецца перамога, я думаю, што мы з Варламавым (расейскі блогер. — РС) прыедзем, можа, зробім сустрэчу з гледачамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG