Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Швэцыя абавязана ўстрымацца ад перадачы маіх кліентаў уладам Беларусі», — адвакат беларусаў, якія хаваюцца ў амбасадзе Швэцыі


Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі зь Віцебску могуць знаходзіцца на тэрыторыі амбасады Швэцыі ў Менску, «пакуль ня зьнікне пагроза іх асабістай недатыкальнасьці па-за амбасадай».

Сакратарыят упраўленьня Высокага камісара ААН у пытаньнях правоў чалавека даслаў ліст ад Камітэту супраць катаваньняў аб сытуацыі зь Віталём і Ўладзіславам Кузьнечыкамі. У ім гаворыцца, што Камітэт вырашыў прасіць Швэцыю «прыняць неабходныя захады для забесьпячэньня абароны асабістай недатыкальнасьці» бацькі і сына, якія пераскочылі праз агароджу амбасады. Раней Эўрапейскі суд правоў чалавека не надаў мераў забесьпячэньня для Кузьнечыкаў.

Пра гэта Свабодзе паведаміў юрыст з Швайцарыі Вадзім Драздоў, які займаецца абаронай віцяблянаў.

Бацька і сын Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі з 11 верасьня знаходзяцца на тэрыторыі амбасады Швэцыі. Яны прыехалі да амбасады, каб папрасіць палітычнага прытулку. Калі ім заявілі, што гэта немагчыма, бацька і сын пераскочылі праз агароджу дыпляматычнага прадстаўніцтва. Цяпер яны знаходзяцца на тэрыторыі амбасады і чакаюць вырашэньня іхнага пытаньня.

6 верасня ў Віцебску Віталь і Ўладзіслаў бралі ўдзел у акцыі пратэсту. Супраць дэманстрантаў ужылі газ, іх жорстка затрымлівалі. Кузьнечыкам удалося ўцячы, з таго часу яны хаваліся.

Паводле Вадзіма Драздова, пакуль няма адказу на пытаньне, што далей будзе з Кузьнечыкамі. А іхная сям’я ня можа разьлічваць на дапамогу ўраду Швэцыі.

Ці могуць Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі атрымаць палітычны прытулак, знаходзячыся на тэрыторыі амбасады?

«Наданьне Камітэтам часовых захадаў не абавязвае ўрад Швэцыі прадаставіць Кузьнечыкам які-небудзь статус, прадугледжаны заканадаўствам Швэцыі. То бо Швэцыя ня будзе абавязаная даць ім статус уцекача, від на жыхарства. Хоць яна і можа гэта зрабіць, — тлумачыць адвакат. — На падставе рашэньня Камітэту Швэцыя абавязаная, сярод іншага, устрымацца ад перадачы Кузьнечыкаў уладам Беларусі. Якім чынам Швэцыя будзе выконваць рашэньне Камітэту, гэта ўжо будуць вырашаць швэдзкія ўлады».

Паводле Вадзіма Драздова, нягледзячы на агульную фармулёўку Камітэту супраць катаваньняў, відавочна, што «яна, самае галоўнае, уключае забарону на перадачу маіх кліентаў уладам Беларусі».

«Ніхто і нішто іншае цяпер не пагражаюць іх асабістай недатыкальнасьці. У сутнасьці, Камітэт пагадзіўся з тым, што кліентам удалося папярэдне даказаць, што ёсьць рызыка стасаваньня да іх катаваньняў і/або іншага жорсткага, бесчалавечнага ці прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня пасьля перадачы ўладам Беларусі, — кажа Вадзім Драздоў. — Важны момант, гэта адзначаецца і ў лісьце з упраўленьня Высокага камісара ў пытаньнях правоў чалавека: рашэньне аб мерах забесьпячэньня не азначае, што Камітэт ўжо вынес канчатковае рашэньне наконт іхнай скаргі.Тэарэтычна Камітэт у будучыні можа і адхіліць скаргу, у тым ліку на фармальных падставах».

Ці можа Швэцыя толькі на падставе гэтага ліста не выдаваць Кузьнечыкаў уладам Беларусі з тэрыторыі сваёй амбасады?

Швэцыя ўдзельнічае ў Канвэнцыі супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасьці відаў абыходжаньня і пакараньня. Яна прызнае кампэтэнцыю Камітэту супраць катаваньняў разглядаць скаргі. Такім чынам Швэцыя абавязалася добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам і выконваць забесьпячальныя меры, якія наказвае Камітэт.

«Такім чынам, на падставе гэтага рашэньня Камітэту Швэцыя абавязана ўстрымацца ад перадачы маіх кліентаў уладам Беларусі».

Ці могуць Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі зьехаць зь Менску ў Швэцыю?

«Гэта будзе залежаць ад ураду Швэцыі і добрай волі ўладаў Беларусі. Напрыклад, урады дзьвюх краін могуць дамовіцца, каб Кузьнечыкі мелі магчымасьць бесьперашкодна пакінуць Беларусь; напрыклад, Эмін Гусейнаў (праваабаронца. — РС) 10 месяцаў знаходзіўся ў амбасадзе Швайцарыі ў Баку, пакуль улады Азэрбайджану не далі Гусейнаву магчымасьць пакінуць краіну. Але трэба разумець, што рашэньне Камітэту не абавязвае ўлады Швэцыі ўступаць у такія перамовы, калі „асабістая недатыкальнасьць“ Кузьнечыкаў можа быць забясьпечана іншым чынам», — сказаў Свабодзе Вадзім Драздоў.

Віталь Кузьнечык, які разам з сынам знаходзіцца на тэрыторыі амбасады, сказаў Свабодзе:

«У нас усё па-ранейшаму, усё добра».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG