Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Работнікі горадзенскага «Азоту» выступілі зь вялікім відэазваротам


Зварот работнікаў «Гродна-азота»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:11 0:00

Яны выказаліся супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і рэпрэсіяў, супраць ціску кіраўніцтва на іншадумцаў і іх звальненьня.

«Мы, работнікі ААТ «Гродна-Азот», зьвяртаемся да ўсіх жыхароў нашай краіны. Мы, азотаўцы, як і многія іншыя, ня можам заставацца ўбаку ад таго, што адбываецца ў нашай любімай Беларусі.

Мы стаміліся і катэгарычна супраць падману і жорсткасьці. Супраць той бесчалавечнасьці, якая адбываецца цяпер на вуліцах на нашых вачах і вачах нашых дзяцей.

Мы хочам зьвярнуцца да работнікаў іншых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі. Што б ні казалі пра нас у афіцыйных дзяржаўных СМІ, мы салідарныя з вамі. І ня можам проста назіраць за тым, што адбываецца, з боку. Абсалютная большасьць работнікаў нашага заводу трымаецца гэтай жа пазыцыі. Але ня ўсе могуць адкрыта яе выказваць з розных прычынаў.

Калі гаварыць аб прычынах, хочам зьвярнуцца да адміністрацыі прадпрыемства. Многія з вас таксама супраць таго, што адбываецца ў краіне, але ня могуць казаць пра гэта адкрыта. Калі ласка, перастаньце перашкаджаць работнікам прадпрыемства выказваць сваю думку. Бо кожны грамадзянін нашай краіны мае права на свой пункт погляду, які можа не супадаць з вашым. Перастаньце ціснуць на людзей і запужваць іх. Мы і так моцна занепакоеныя колькасьцю нашых супрацоўнікаў, што звальняюцца. Сярод іх спэцыялісты, на падрыхтоўку якіх патрэбныя гады. Развальваюцца цэлыя калектывы.

Мы зьвяртаемся да адміністрацыі гораду і вобласьці. Хочам нагадаць вам, што ўсе падзеі ў горадзе і краіне бяруць свой пачатак з абвяшчэньня вынікаў выбараў на выбарчых участках. І абсалютна неабгрунтаваная прымяненьне гвалту сілавікамі на вуліцах нашых гарадоў. Вы нам абяцалі не перашкаджаць мірным акцыям, мітынгам і шэсьцям. Вы нам абяцалі, што больш на вуліцах нашага гораду ня будзе сілавікоў без уніформы і бяз знакаў адрозьніваньня. Аднак рэпрэсіі працягваюцца надалей, нават супраць журналістаў, старых і дзяцей. Мы ня можам спакойна назіраць, як сьвятлашумавымі гранатамі закідваюць нашых мацярок. І калі ня ў вашай кампэтэнцыі зьмяніць палітычную сытуацыю ў краіне, то спыніць гвалт над мірнымі грамадзянамі ў вашых сілах.

Мы занепакоеныя выездам за мяжу спэцыялістаў і працоўных кадраў. Таксама высокакваліфікаваныя кампаніі ІТ-сфэры вымушаны пераносіць свае офісы і бізнэс у цэлым у суседнія краіны, што ня можа не адбіцца на эканамічнай сытуацыі ў нашай краіне.

Гняце сытуацыя зь беспрэцэдэнтным ціскам на студэнтаў. Гэта будучыня нашай краіны, і мы ня маем права яе страціць і ўпусьціць.

Цяжка глядзець на ціск, які чыняць:

на работнікаў культуры, калі закрываюцца цэлыя тэатры;

на мэдыкаў у і так складаны для іх час, калі яны не складаючы рук змагаюцца з пандэміяй;

на найлепшых трэнэраў і спартоўцаў, на гонар нашай краіны ў і так вельмі складаны час для беларускага спорту.

Лічым непрымальным рэгулярны крымінальны перасьлед кандыдатаў у прэзыдэнты, іхных паплечнікаў, сяброў штабоў і ініцыятыўных групаў. Толькі з кандыдатаў у 2006 асуджаныя Казулін, у 2011-м Някляеў, Вус, Рымашэўскі, Саньнікаў, Статкевіч, у 2020-м у СІЗА Ціханоўскі і Бабарыка.

Мы, як і астатнія жыхары Беларусі, за праўду, права і магчымасьць мець сваю думку.

Мы супраць хлусьні і гвалту, супраць беззаконьня і ўшчамленьня правоў. У тым ліку і права выбару. Супраць фальсыфікацыі і жорсткасьці.

Мы патрабуем абароны і датрыманьня нашых канстытуцыйных правоў.

Артыкул 21. Забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларуси ёсьць найвышэйшай мэтай дзяржавы.

Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода думак, перакананьняў і свабоднае іх выказваньне. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб'яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.

Артыкул 35. Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньняў, якія не парушаюць правапарадак і права іншых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, гарантуюцца дзяржавай.

Артыкул 38. Грамадзяне Рэспублікі Беларусі маюць права свабодна выбірацца і быць выбранымі.

Таксама мы засмучаныя сытуацыяй на міжнароднай арэне — адкліканьнем паслоў практычна ўсіх эўрапейскіх дэмакратычных краінаў. Мы баімся эканамічных санкцыяў для нашай краіны і закрыцьця межаў, што можа выклікаць цяжкасьці ў рэалізацыі нашай прадукцыі за мяжой.

Мы абураныя, што так і не заведзена ніводная крымінальная справа па фактах пабіцьця мірных грамадзянаў і затрыманых, па фактах гібелі людзей на вуліцах і пасьля Акрэсьціна. Хоць увесь інтэрнэт поўны жудаснымі дыягназамі, відэа пабіцьця і фота яго наступстваў.

Мы хочам выказаць шчырае спачуваньне ўсім семʼям загінулых і зьніклых бязь вестак, усім пацярпелым пры затрыманьнях. Выказаць сваю падтрымку тым, каго перасьледуюць з палітычных матываў, і іхным семʼям.

Мы хочам жыць у свабоднай і незалежнай Беларусі. Мы сэрца беларускай хіміі. І сёньня гэтае сэрца, нягледзячы ні на што, бʼецца ва ўнісон з сэрцамі мільёнаў беларусаў, якія ступілі на дарогу пераменаў».

Зварот заканчваецца песьняй «Сыходзь ціха, мірна і спакойна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG