Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьехала, каб пазьбегнуць затрыманьня». Дачка арыштаванага выкладчыка БДУ пра сваю працу зь Ціханоўскай, бацьку і жыцьцё ва Ўкраіне


Ульяна Тыкун

Уляна Тыкун вучылася ў БДУ. Спачатку яна вымушаная была кінуць вучобу, а потым і ўвогуле зьехаць зь Беларусі.

Ужо ва Ўкраіне яна даведалася пра затрыманьне свайго бацькі, выкладчыка БДУ Аляксандра Тыкуна. Ён цяпер у ізалятары ў Баранавічах, а яна вымушаная адзначаць ягоны дзень нараджэньня пад амбасадай Беларусі ў Кіеве.

Тут ад імя бацькі яна частавала тортам новых сяброў зь Беларусі, якія таксама вымушаныя былі ўцякаць ад перасьледу на радзіме. Цяпер яны ўсе гуртуюцца ў Беларускім інфармацыйным цэнтры, створаным сёлета ў Кіеве для інфармаваньня ўкраінцаў і мясцовых СМІ пра ход выбарчай кампаніі ў Беларусі.

У Кіеве 13 кастрычніка Уляна арганізавала «сьвяткаваньне» дня нараджэньня бацькі ля беларускай амбасады
У Кіеве 13 кастрычніка Уляна арганізавала «сьвяткаваньне» дня нараджэньня бацькі ля беларускай амбасады

У інтэрвію Свабодзе Ўляна Тыкун расказала пра сваё навучаньне ва ўнівэрсытэце, працу са Сьвятланай Ціханоўскай, пра затрыманьне бацькі і пляны вярнуцца ў Беларусь.

«Сышла з унівэрсытэту на ўласнае жаданьне»

Уляна вучылася на факультэце філязофіі і сацыяльных навук БДУ, на платнай форме.

«Я кінула вучобу, бо ў мяне пачаліся рознагалосьсі з кіраўніцтвам празь незаконнае адлічэньне маёй блізкай сяброўкі. Гэта было так брудна... Я яе падтрымала, мы пісалі рэктару, і ў пракуратуру зьвярталіся, але безвынікова. Потым пачалося дыстанцыйнае навучаньне. Яно было няякаснае і не адпавядала патрачаным на яго фінансам. Таму я кінула вучобу. Калі я вырашу, што трэба завяршыць адукацыю, гэта будзе не ў Беларусі».

«Проста хацела дапамагчы Ціханоўскай»

Уляна кажа, што трапіла ў штаб Сьвятланы Ціханоўскай выпадкова — у чэрвені, калі пайшла на Камароўку, каб паставіць свой подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў, пачула, што той патрэбная дапамога.

«Я вырашыла, што магу ёй дапамагчы, бо бачыла, што ў камандах Бабарыкі і Цапкалы шмат прафэсіяналаў, а яна засталася адна ў той кампаніі. Спачатку зьбірала подпісы, лічыла іх, а пасьля рэгістрацыі Сьвятланы сабраліся і разьмеркавалі функцыі на наступны этап выбарчай кампаніі. Мне даручылі інфармацыйны блёк».

Працу ў штабе Ціханоўскай яна завяршыла 9 жніўня. І ў той жа дзень вымушаная была ўцякаць зь Беларусі, бо адзін з тэлеграм-каналаў, блізкі да ўлады і сілавых органаў, апублікаваў прозьвішчы сябраў штабу Ціханоўскай.

«Пра мяне там напісалі, што я займаюся інсьпіраваньнем пратэстаў, хоць мы не рабілі нічога супрацьзаконнага. Было адчуваньне, што гэта сьпіс тых, каго яны хочуць затрымаць, бо адразу пачаліся затрыманьні. І я зразумела, што ў любы момант могуць прыйсьці і па мяне. Пад сваімі вокнамі пэрыядычна бачыла бусы з танаванымі шыбамі і машыны зь „ціхарамі“. Я хацела пасьпець зьехаць, каб пазьбегнуць затрыманьня».

Цяпер Уляна Тыкун не кантактуе са Сьвятланай Ціханоўскай і ейнай камандай.

«Ня бачу ў гэтым сэнсу — у яе ўжо ёсьць прафэсіяналы. Лічу, што цяпер важней дапамагаць пацярпелым беларусам».

«Затрыманьне бацькі стала шокам»

Праз два месяцы пасьля ад’езду ва Ўкраіну на адным з маршаў пратэсту ў Менску затрымалі бацьку Ўляны Аляксандра Тыкуна.

«Для мяне гэта быў шок. У нядзелю, 4 кастрычніка, мне даслалі ў чат паведамленьне... Усё, што я пабачыла, — як тату пад рукі вёў АМАП. Я спадзявалася, што яму дадуць толькі штраф. Яго затрымалі разам з двума сябрамі — аднаму далі штраф, другому — 8 сутак, а тату — 12 сутак».

Разам з Улянай павіншаваць Аляксандра Тыкуна да беларускай амбасады прыйшлі яе новыя сябры зь Беларусі
Разам з Улянай павіншаваць Аляксандра Тыкуна да беларускай амбасады прыйшлі яе новыя сябры зь Беларусі

Аляксандар Тыкун выкладае ў Белдзяржунівэрсытэце на мэханіка-матэматычным факультэце, які ён у свой час і заканчваў. У час навучаньня выступаў у легендарнай камандзе КВЗ. У альма-матэр ён вярнуўся толькі два гады таму, вырашыўшы пакінуць кінаіндустрыю.

«На сустрэчы выпускнікоў яму прапанавалі выкладаць у БДУ — ён у 27 гадоў стаў кандыдатам фізыка-матэматычных навук. І ён вырашыў зьмяніць сваю дзейнасьць. У яго гэта атрымалася, бо яго вельмі любяць студэнты. Ён спачатку не прызнаваўся ім пра сваё мінулае — пра кіно, пра КВЗ, але калі даведаліся, як расказваў тата, то яны яму пачалі аплядаваць. Яго вельмі любяць, паважаюць, ён заўсёды праводзіць лекцыі з гумарам і на адной хвалі са студэнтамі. Зараз ён таксама піша кіно, праводзіў у Менску і сэмінары па сцэнарным майстэрстве...».

Уляна Тыкун кажа, што бацька мае шмат захапленьняў.

«Апроч сцэнараў і вышэйшай матэматыкі, ён яшчэ піша музыку, карціны, ведае шмат замежных моў. Калі б супрацоўнікі СІЗА раптам вырашылі сабрацца да яго на лекцыю, яны б атрымалі нашмат болей карысьці, чым калі проста „закрылі“ яго ў камэры».

Прыхоўвалі месца ўтрыманьня і не дазвалялі перадаць лекі

Сям’я дзень не магла атрымаць інфармацыю пра месца ўтрыманьня Аляксандра — тэлефанавалі ў ІЧУ, ЦІП, у Жодзіна. І толькі празь дзень высьветлілася, што яго з Акрэсьціна перавезьлі ў Баранавічы. Яшчэ дзень змагаліся, каб перадаць яму жыцьцёва неабходныя лекі ад гіпэртаніі.

«Дазволілі толькі тады, калі яго перавялі ў Баранавічы», — кажа дачка.

На «сьвяточнай» акцыі пад амбасадай Беларусі ў Кіеве
На «сьвяточнай» акцыі пад амбасадай Беларусі ў Кіеве

Цяпер ужо падпісалі дамову з адвакатам, які аспрэчвае і затрыманьне, і пакараньне.

«Мы ня лічым, што тата вінаваты. Ён проста ішоў, калі на іх накінуўся АМАП. Яго затрымлівалі, як небясьпечнага злачынцу. Ён не парушаў закону. Тое, што адбываецца, — гэта абсурд», — лічыць Уляна Тыкун.

Паводле яе, татавага сябра ўжо вызвалілі, ён сам мае выйсьці на волю 16 кастрычніка.

«Мы з украінцамі браты, але вельмі розныя»

Уляна ўжо знайшла сабе працу ва Ўкраіне, але пакуль што ня можа легалізавацца.

«У мяне засталося тры тыдні легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне. Праз знаёмых спрабавала вырашыць пытаньне віду на жыхарства, але не атрымалася. Пачала тут працаваць, і мяркую, што ўжо на гэтай падставе змагу атрымаць неабходны дакумэнт».

Кампанія, у якой яна працуе, займаецца вытворчасьцю кіно і цяпер супольна зь вядомай ва Ўкраіне кампаніяй «95 квартал» рэалізуе новы кінапраект.

Аляксандар Тыкун езьдзіў з дачкой у Кіеў, каб ёй дапамагчы, але потым вярнуўся ў Менск
Аляксандар Тыкун езьдзіў з дачкой у Кіеў, каб ёй дапамагчы, але потым вярнуўся ў Менск

Уляна Тыкун кажа, што, нягледзячы на КВЗ-шнае мінулае, бацька не знаёмы з Уладзімірам Зяленскім, хоць у іх шмат супольных сяброў.

«Хоць кажуць, што ўкраінцы і беларусы — славяне-браты, мне цяжка тут, бо мы вельмі розныя ў мэнталітэце. Беларусы больш шчырыя і адкрытыя. А тут вельмі часта дачыненьні будуюцца праз знаёмствы ці грошы. У Беларусі больш празрыста і шчыра».

На акцыі каля беларускай амбасады, 13 кастрычніка
На акцыі каля беларускай амбасады, 13 кастрычніка

Уляна сьцьвярджае, што не плянуе заставацца ва Ўкраіне надоўга.

«Я буду тут да зьмены ўлады ў Беларусі. Калі гэта адбудзецца заўтра, то заўтра я вазьму квіток на самалёт і вяртаюся. Калі праз тры гады, значыць, праз тры гады. Цяпер для мяне вельмі важна вывучыць замежны досьвед і далей выкарыстоўваць яго ў Беларусі. Мне цікавы праект па аднаўленьні беларускай культуры. І мне хацелася б гэта рабіць у Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG