Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 работнікаў «Гродна Азот» напісалі заявы на звальненьне. Яны пратэстуюць супраць арышту іх калегі


Разьбіраемся, як пратэстуюць на буйным хімічным прадпрыемстве ў Горадні.

Каля 70 работнікаў «Гродна Азот» напісалі заявы на звальненьне, але пакуль не аддаюць іх кіраўніцтву. Так азотаўцы адрэагавалі на арышт свайго калегі і на суды, якія пачнуцца неўзабаве. Калі іх сапраўды звольняць, то спыняцца сама меней два цэхі.

Што стала штуршком для пратэсту?

Падчас пратэставай акцыі ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 23 верасьня схапілі некалькі работнікаў «Гродна Азот». Аднаго зь іх, Ігара Рубцэвіча, арыштавалі на 5 дзён, бо яго затрымалі паўторна. Гэта быў першы выпадак арышту за ўдзел у пратэстах на хімічным гіганце. Рубцэвіч выйшаў на волю 28 верасьня.

«Сямнаццаць калег сустракалі яго як героя», — кажа лідэр страйкаму «Гродна Азот» Юры Рававы, які цяпер у Варшаве.

Юры Рававы
Юры Рававы

Перад гэтым 25 жніўня затрымалі калёну азотаўцаў, якія ішлі з працы ў цэнтар гораду. Іх было каля 30 чалавек, у пастарунку яны мусілі правесьці некалькі гадзін. Падтрымаць іх пад ізалятар прыйшлі каля паўтысячы гарадзенцаў, прыехала і кіраўніцтва «Азоту». Усіх выпусьцілі ў той жа вечар, але склалі на іх пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суды чакаюцца 30 верасьня.

Падтрымаць азотаўцаў пад ізалятар 25 жніўня прыйшлі каля 500 чалавек
Падтрымаць азотаўцаў пад ізалятар 25 жніўня прыйшлі каля 500 чалавек

Заявы на звальненьне, адмова ад працы, італьянскі страйк

У адказ на гэта работнікі «Гродна Азот» пачалі пісаць заявы на звальненьне, але пакуль не аддаюць іх кіраўніцтву. Гэта найперш тэхналягічны пэрсанал цэху «Аміяк-3» з пазьменным графікам. У гэтым цэху працуе каля 160 чалавек.

Перад гэтым адна са зьменаў увогуле адмаўлялася заступаць на працу на знак пратэсту. Да іх прыяжджалі генэральны дырэктар Ігар Бабыр і начальнік вытворчага аддзелу Віктар Міхневіч. Урэшце яны дамовіліся працаваць далей.

Цэх «Аміяк-4» цяпер на плянавым рамонце, хоць рамонт той меўся пачацца яшчэ ўлетку. Некаторыя азотаўцы мяркуюць, што кіраўніцтва зацягвала пачатак рамонту, бо баялася, што пасьля работнікі адмовяцца яго зноў запускаць. Цяпер работы ў «Аміяку-4» ідуць досыць марудна. Гэта нагадвае італьянскі страйк. Работнікі адпрацоўваюць свой час, не выходзяць працаваць у выходныя, не застаюцца на «звышурочныя», як раней. Гэта законна.

«Людзі хутчэй паказваюць кіраўніцтву, што яны ня будуць для яго зарабляць грошы», — мяркуе старшыня незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч.

Ці так проста іх звольніць і ці будзе далей працаваць завод?

«Аміяк-3» і «Аміяк-4» — адны з асноўных вытворчых цэхаў «Азоту». Зь імі зьвязаныя «Карбамід-4» і «Карбамід-3» адпаведна. Калі тых, хто напісаў заявы, сапраўды звольняць, то з такой нястачай кадраў цэх «Аміяк-3» ня зможа працаваць. Ён патрабуе кантролю 24 гадзіны на суткі.

Як патлумачыў Андрэй Ханевіч, гатовых спэцыялістаў у гэтай галіне вельмі мала. Каб падрыхтаваць такога адмыслоўца, патрэбна паўгода.

На ўсім прадпрыемстве працуе каля 7 тысяч чалавек (калі ня ўлічваць «Хімвалакно», якое ўваходзіць у склад гіганта). Зь іх прыкладна паўтары тысячы зьменнага пэрсаналу.

«Гэта людзі, якія менавіта зарабляюць грошы. Іх ня будзе — і цэхі стаяць. Іх не падменіш. Гэта людзі, якія выпускаюць прадукцыю», — тлумачыць Ханевіч.

Падчас сустрэчы з уладамі 14 жніўня
Падчас сустрэчы з уладамі 14 жніўня

Незалежны прафсаюз спрабаваў адгаварыць работнікаў пісаць заявы на звальненьне.

«Бо, хутчэй за ўсё, выйдзе крышку іншы варыянт. Некаторым, самым актыўным, падпішуць заявы аб звальненьні, а астатнім скажуць: „У вас кантракт, працуйце далей“, і на гэтым усё затухне», — кажа старшыня незалежнага прафсаюзу.

Наколькі небясьпечная рэакцыя азотаўцаў?

Юры Рававы тлумачыць, што азотаўцы не плянуюць спыняць «Гродна Азот» экстрана і небясьпечна. Яны хочуць найперш спыніць ціск на калег і начальніка цэху, які іх падтрымлівае.

«Ніякіх пагрозаў экалёгіі і абсталяваньню няма», — запэўнівае лідэр страйкаму.

«Мы самі жывём у гэтым горадзе, у нас тут жывуць сваякі. Падумайце, ці можам мы рызыкаваць іхнай бясьпекай. Вядома, не. Тут працуюць падрыхтаваныя спэцыялісты. Гаворка ідзе толькі пра ўзгодненае спыненьне заводу», — кажа яшчэ адзін з работнікаў.

Юры Рававы перакананы, што калі супрацоўнікі будуць настроеныя на пратэст рашуча, гэта прывядзе да бясьпечнага спыненьня цэху «Аміяк-3» цягам месяца. Бо такі загад аддасьць само кіраўніцтва.

Што адбывалася на «Гродна Азоце» пасьля выбараў?

Работнікі найбуйнейшага хімічнага прадпрыемства «Гродна Азот» аднымі зь першых заявілі пра гатоўнасьць страйкаваць. Іхныя патрабаваньні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, новыя выбары, вызваленьне палітвязьняў і спыненьне гвалту. На перамовы да іх прыяжджала кіраўніцтва гораду, а потым і новы старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Каранік.

Азотаўцы на вулічных пратэстах
Азотаўцы на вулічных пратэстах

Кіраўніцтва прадпрыемства не дазволіла работнікам страйкаваць. Лідэр страйкаму Юры Рававы дзеля бясьпекі зьехаў у Польшчу. Вядома, што некалькі работнікаў звольніліся «па згодзе бакоў».

Работнікі «Гродна Азот» працягваюць удзельнічаць у вулічных акцыях. Максымум іх адначасна выходзіла каля тысячы чалавек на самым пачатку пратэстаў. Кіраўніцтва забараніла ім выносіць за межы заводу працоўную форму.

«Гродна Азот» нельга спыніць імгненна з прычыны складаных тэхналягічных працэсаў. Гэта вельмі небясьпечна. Спыніць яго можна паступова, прыкладна цягам месяца. Потым яго гэтак жа сама доўга трэба будзе запускаць.

Некалькі разоў за апошні месяц зьнянацку ламалася абсталяваньне ў цэхах «Аміяк-3» (які ўлетку быў на плянавым штогадовым рамонце) і «Аміяк-4». Некалькі разоў над «Азотам» нехта вывешваў бел-чырвона-белыя сьцягі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG