Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта быў гвалт дзеля гвалту». Беларускі айцішнік пра турму на Акрэсьціна і пераезд ва Ўкраіну з коткай і сабакам


Максім Каралеўскі

Менскі айцішнік Максім Каралеўскі апісаў у інтэрвію Свабодзе гісторыю свайго затрыманьня, катаваньняў у турме на Акрэсьціна, спробы абскардзіць незаконны арышт і пабоі ў Сьледчым камітэце і вымушаную эміграцыю ва Ўкраіну.

Максім Каралеўскі працаваў у Менску ў ІТ-кампаніі. Яго затрымалі ў ноч з 11 на 12 жніўня, калі ён ехаў на ровары каля Палаца спорту. Кажа, што гэта адбылося блізка да поўначы, калі не было ніякіх пратэстаў, а вуліца была пустой.

Цяпер ён ва Ўкраіне — у Кіеў пераехала частка кампаніі, у якой ён працуе. Неўзабаве яна атрымае афіцыйную рэгістрацыю, што дазволіць яму і ягоным калегам цалкам легалізавацца ва Ўкраіне.
У Кіеве ён наведвае акцыі салідарнасьці зь беларусамі. На адну зь іх ён прыйшоў разам са сваім сабакам Осьцінам. Котка Паліна засталася дома, у кіеўскай арандаванай кватэры. Максім кажа, што пераезд з гадаванцамі быў няпростым, але сваіх улюбёнцаў ён ня мог кінуць. Ён сірата. У Беларусі, у Слоніме, у яго засталася толькі бабуля, зь якой ён цяпер штодня размаўляе праз Viber.

«Ноч на каленях»

Максім кажа, што ягоная гісторыя затрыманьня і знаходжаньня ў турме на Акрэсьціна шмат у чым падобная да тысяч іншых.

«Гэты было беззаконьне і катаваньні, чыніўся фізычны, маральны і псыхалягічны ціск. Нас спачатку паставілі на калені на ноч, потым зачынілі ў тую прагулачную камэру — нас там было 127 асобаў. Нам не давалі вады, у нас не было ежы, было вельмі холадна, але ўсім на гэта было пляваць. Нас пастаянна абражалі, а за любы лішні рух або просьбу лёгка „прылятала“ дручком. У адказ на просьбы аб адвакаце, справядлівым судзе і на нязгоду са зьместам пратаколу таксама маглі моцна пабіць».

З турмы на Акрэсьціна яго вызвалілі на наступны дзень пасьля прыезду туды намесьніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова, без пратаколу і суду:

«У мяне ў асноўным былі сінякі, множныя гематомы на сьпіне, на нагах, на сьцёгнах, на твары. Калі мяне затрымалі, мне выгалілі крыж на патыліцы. Я ня ведаю і не разумею, навошта яны гэта зрабілі, бо ў мяне валасы не былі доўгія. Гэта быў проста гвалт дзеля гвалту. Мне таксама парэзалі шорты і загадалі разблякаваць тэлефон. Але яны зрабілі гэта самі, маім пальцам, бо мой тэлефон кіраваўся датчыкам ідэнтыфікацыі адбітку пальца».

«Зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт, але ён не рэагуе»

Максім кажа, што пасьля вызваленьня пры дапамозе адваката яму ўдалося зафіксаваць пабоі:

«Я зьвярнуўся з заявай у Сьледчы камітэт аб незаконным затрыманьні і зьбіцьці. Мы з адвакатам змаглі ў Цэнтры судмэдэкспэртызы задакумэнтаваць пабоі, але на гэта ніяк не адрэагавалі. Няма ніякага руху ў гэтай справе, мяне не выклікалі і для дачы сьведчаньняў».
Апроч таго, кажа Максім, у яго скралі ровар, рэчы з заплечніка — велазамок і інструмэнты — а таксама каля 200 рублёў грошай.

Як праходзіў мяжу

Максім Каралеўскі перасякаў мяжу на пачатку верасьня, калі ўкраінскі ўрад ухваліў рашэньне аб закрыцьці межаў у сувязі з эпідэміяй каранавірусу, пакінуўшы беларусам магчымасьць уезду толькі «на гуманітарных падставах». Ён доўга шукаў магчымасьцяў, каб выехаць разам з гадаванцамі, і лічыць, што яму пашанцавала.

«Вядома, гэта было няпроста, але я нізавошта іх ня кінуў бы і зрабіў бы ўсё, каб мы пасьпяхова праехалі мяжу. Папраўдзе, на мяжы праблемаў не было — яны ў мяне выхаваныя, у маршрутцы ехалі спакойна, усю дарогу ляжалі адпачывалі. Мяжу мы прайшлі, бо ў нас усё-ўсё было — чыпы, вакцыны, пашпарты, даведкі... Больш праблемаў было, каб знайсьці транспарт, і тут, у Кіеве, з пошукам кватэры, бо цяжка з такім „сямействам“ шукаць жытло».

«Транспарт знайшоў праз інтэрнэт, зьмясьціў фота са сваімі гадаванцамі, сказаў, што шукаю транспарт да Кіева, і ў адзін дзень, калі ўжо былі навіны пра тое, што ўкраінскі ўрад будзе садзейнічаць пераезду беларусаў, гэта было 3 верасьня, я рашыўся на пераезд. У мяне было запрашэньне на працу, але на мяжы ў мяне пра яго не запыталі. Я паказаў толькі пашпарт і страхоўку, якая пакрывае COVID-19. Больш нічога не пыталіся. Гэта вельмі пасьпяховы выпадак, бо потым я чуў, што на мяжы пачалі прасіць пэўныя дакумэнты. Але мне пашанцавала».

Максім Каралеўскі спадзяецца, што пераезд ва Ўкраіну будзе часовы.

«Я прыехаў сюды, каб свабодна выказваць свае думкі і каб не плаціць падаткі ўзурпатару ўлады. Калі зьменіцца рэжым, я з радасьцю вярнуся ў Беларусь, каб працаваць на новую краіну».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG