Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маршы справядлівасьці» ў Беларусі. Што адбываецца на 43-і дзень пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 43-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. У Менску і іншых гарадах заклікалі да правядзеньня «Маршаў справядлівасьці».


Менскі «Марш справядлівасьці» праходзіць праз Нямігу
22:45 20.9.2020

Падчас маршу ў Менску затрымалі былога вядоўцу БТ

Падчас «Маршу справядлівасьці» ў Менску затрыманы Сяргей Казловіч, супрацоўнік «Белтэлерадыёкампаніі», аўтар Youtube-каналу «Не по телику», які 11 жніўня па ўласным жаданьні сышоў з тэлеканалу «Беларусь 1».

22:45 20.9.2020

«Мы ня будзем маўчаць і пакрываць хлусьлівую статыстыку COVID-19». Беларускія мэдыкі апублікавалі відэазварот

«Мы не хаваем сваіх твараў. Нам няма чаго саромецца, а баяцца нам усім надакучыла! Калі нашых калег хапаюць, закрываюць у турмы, зьбіваюць, мы ня будзем маўчаць! Мы ня будзем маўчаць і пакрываць хлусьлівую статыстыку. Калі дзяржава спрабуе вырашыць праблему COVID-19, ігнаруючы яе, мы адмаўляемся ўдзельнічаць у падмане!». Беларускія мэдыкі падрыхтавалі відэазварот, у якім выказваюць сваё стаўленьне да «няспынных парушэньняў правоў чалавека і беспрэцэдэнтнага гвалту на ўсёй тэрыторыі Беларусі».

Усіх мэдыкаў, якія згодныя з гэтым зваротам, заклікаюць падпісацца праз адмысловую форму. Цалкам чытайце тут.

21:48 20.9.2020

Менск: дваровы канцэрт у Лебядзіным

21:31 20.9.2020

Беларусы Францыі адзначылі дзень салідарнасьці зь Беларусьсю

«Ля-Рашэль, Арганэ, Анэсі, Сэнт-Эліф, Ліён, Бардо, Страсбур і Парыж салідарныя з мужным беларускім народам! Жыве Беларусь!» – пішуць чытачы Свабоды.

21:29 20.9.2020

«Вам, напэўна, зараз прэмію ў Польшчы выпішуць». Як затрымлівалі прафэсара з Горадні

Горадзенскага доктара гісторыі Алеся Смалянчука затрымалі падчас маршу салідарнасьці ў Горадні 20 верасьня. Яго самога ня білі, але ён бачыў мажнага мужчыну, які ляжаў на падлозе ў аўтазаку без прытомнасьці. Потым бачыў яшчэ аднаго хлопца, якога пабілі пры затрыманьні. Той скардзіўся, што баліць бок, нібыта зламаная рабрына, і пабіты локаць.

Аўтазак з 14 затрыманымі, дзе быў Смалянчук, прывезьлі ў Кастрычніцкі РАУС. Мужчын паставілі тварам да сьцяны. Жанчын трымалі асобна. Калі міліцыянты даведаліся, што перад імі прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту, то акцэнтавалі на гэтым увагу.

«Вам, напэўна, зараз прэмію ў Польшчы выпішуць? Гэта я пытаюся з чыстай цікаўнасьці», — узгадаў словы міліцыянта Смалянчук. Ён вырашыў не адказваць на такое пытаньне. Гісторыку прапанавалі пагутарыць, але ён адказаў: «Вы не зразумееце».

Урэшце Смалянчуку выпісалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве і адпусьцілі.

21:26 20.9.2020

Навукоўцы зь вядучых унівэрсытэтаў сьвету падтрымалі беларускіх студэнтаў

Выкладчыкі і дасьледчыкі з ВНУ розных краін напісалі адкрыты ліст і запісалі відэазварот у падтрымку беларускіх студэнтаў. «Міжнародная супольнасьць вышэйшай адукацыі падтрымлівае Беларусь. Пратэсты — неабходны складнік дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды выказваньня. Мы асуджаем любы гвалт супраць пратэстоўцаў», — гаворыцца ў апісаньні відэа.

У лісьце, у прыватнасьці, расказваецца пра затрыманьні АМАПам у Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце студэнтаў, якія сьпявалі. «Унівэрсытэты ніколі не павінны асацыявацца са страхам, тэрорам і брутальнасьцю, гэта прасторы для дэбатаў, дыскусій і ведаў. Такі гвалт, асабліва супраць іх і ў такіх месцах, жудасны і павінен спыніцца». Ліст падпісалі дзясяткі чалавек, сярод якіх брытанскі гісторык Тымаці Гартан Эш і амэрыканскі філёзаф Марта Нусбаўм.

21:11 20.9.2020

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Бэльгіі

Сёньня ў горадзе Гент (Бэльгія) адбылося адкрыцьцё другога мурала мастачкі зь Беларусі.

Першы мурал — выява самых сьмелых дыджэяў сьвету, Улада Сакалоўскага і Кірыла Галанава. Графіці стварыў вядомы мастак Брамэ Дэ Смэдт (Brades), паведамляюць чытачы Свабоды.

21:04 20.9.2020

Акцыя салідарнасьці ў Санкт-Пецярбургу

20:53 20.9.2020

Горадня: хлопцу пры затрыманьні расьсеклі брыво

Некалькі затрыманых у Горадні, якія выходзілі зь Ленінскага РАУС, паведамілі, што бачылі хлопца з расьсечаным брывом, твар быў моцна заліты крывёй. Яго трымалі ў плястыкавай сьцяжцы замест кайданкоў. Ён паўтараў, што ён мірны пратэстовец і не аказваў супраціву, нічога супрацьпраўнага не рабіў. Хутка яго вывелі ад усіх.

Вядома, што яго затрымлівалі з аўтамабіля. Верагодна, гэта Ўладзімер Сколышаў, якога затрымалі зь невядомай прычыны на вуліцы Горкага, разьбілі вокны ў машыне, паклалі тварам у зямлю. Ягоным родным паведамілі, што яго пераводзяць у ІЧУ да суду.

20:51 20.9.2020

«200 сілавікоў папрасілі выключыць іх з базы Nexta і гатовыя сысьці», — Яраслаў Ліхачэўскі з By_SOL

Тысячы сілавікоў зьвярнуліся па дапамогу ў незалежныя ініцыятывы, якія абяцаюць падтрымку тым, хто адмовіцца выконваць антызаконныя дзеяньні і спыніць перасьлед удзельнікаў пратэстаў у Беларусі, расказаў у інтэрвію тэлеканалу «Дождь» заснавальнік стартапу Deepdee Яраслаў Ліхачэўскі, які замест IT-бізнэсоўца Мікіты Мікады дапамагае звольненым супрацоўнікам МУС Беларусі ў праекце By_SOL.

Пасьля таго, як тэлеграм-канал Nexta Live апублікаваў дадзеныя 1003 беларускіх сілавікоў з імёнамі, датамі нараджэньня, месцам службы і званьнямі, частка гэтых асобаў зьвярнулася да ініцыятараў фондаў. «Учора была апублікаваная тысяча імёнаў сілавікоў, і 200 учора ж прыйшлі да нас з заявамі і просьбай выключыць іх з базы, з заявамі, што яны гатовыя сыходзіць і ня ўдзельнічаць у гэтым», — сказаў Ліхачэўскі.

Дэананімізацыю ён назваў вельмі эфэктыўным спосабам прыцягненьня сілавікоў да дыялёгу.

20:49 20.9.2020

«Такога не было ў гісторыі Беларусі ніколі — ужо 12 тысяч затрыманых»,​ — кіраўнік «Вясны»

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі расказаў вядоўцу «Настоящего времени» Ягору Максімаву пра рэпрэсіі ў Беларусі і працу праваабаронцаў у гэтых умовах.

«Колькасьць людзей, якія прайшлі праз адміністрацыйныя затрыманьні альбо проста затрыманьні, цяпер зашкальвае. Такога, на самай справе, не было ў гісторыі Беларусі ніколі. Перад днём выбараў прайшлі прыкладна 1700 чалавек праз затрыманьні. Пасьля 9 жніўня — ужо пад 12 тысяч. Мы проста маем нейкія калясальныя лічбы людзей, але людзі не здаюцца, людзі працягваюць супраціўляцца, і гэтая лічба не канчатковая», ​ — сказаў Алесь Бяляцкі. Цалкам чытайце тут.

20:46 20.9.2020

Міністар абароны Літвы: пытаньне ў цане, якую Лукашэнка заплаціць за падтрымку Расеі


Міністар абароны Літвы Раймундас Каробліс заявіў, што Літва не паддасца на правакацыі беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, які загаварыў пра пагрозу вайны, але ўважліва ацэньвае сытуацыю з магчымай дысьлякацыяй расейскіх узброеных сіл, паведамляе партал DELFI.

«Наша пазыцыя па-ранейшаму палягае ў тым, што ня варта паддавацца на правакацыі; мы ня лічым, што трэба рэагаваць спэцыфічна, што ёсьць нейкія пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасьці або сувэрэнітэту», — сказаў міністар.

«Літоўская армія з саюзьнікамі працягвае сваю звычайную дзейнасьць, мы ня думаем, што мы павінны мяняць свае графікі, нягледзячы на тыя выклікі, якія паходзяць ад лідэра суседняй краіны», — дадаў Р. Каробліс.

20:43 20.9.2020

Рэдактарка «Спутника» ў Беларусі звольнілася ў знак пратэсту супраць «дэсанту расейцаў» у СМІ

Рэдактарка расейскага агенцтва «Спутник» у Беларусі Сьвятлана Ліцкевіч звольнілася з працы. Пра гэта яна напісала ў сваім Facebook​. Журналістка расказала, што заяву падала ў той дзень, калі стала вядома пра «дэсант расейцаў, якія прыляцелі падтрымліваць кіраўніка, які захістаўся». Гаворка пра супрацоўнікаў расейскіх СМІ, якіх Лукашэнка запрасіў на дзяржаўныя каналы замест звольненых беларускіх супрацоўнікаў.

Паводле Сьвятланы Ліцкевіч, кіраўніцтва тады папрасіла ўзяць адпачынак, «падумаць і пераасэнсаваць».

«За гэты час зразумела: з кожным днём становіцца ўсё лягчэй ад усьведамленьня, што далей усё гэта — ужо безь мяне. Не змагу я паставіць артыкул пра пухнатых амапаўцаў, якіх жорстка зьбіваюць мітынгоўцы, і пра тое, як дзяўчаты фарбамі сабе сінякі малююць», — напісала журналістка.

20:39 20.9.2020

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Рыме

Сёньня беларусы сабраліся на акцыі салідарнасьці ў Рыме і іншых гарадах Італіі, паведамляюць чытачы Свабоды.

20:18 20.9.2020

Менск: партрэты пратэсту

19:30 20.9.2020

Затрыманых у Магілёве журналістаў адпусьцілі

Пасьля 18-й гадзіны затрыманых у Магілёве журналістаў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага адпусьцілі з РАУС Ленінскага раёну, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Журналісты былі затрыманыя ў 14.45 на вачах у сваіх калегаў.

19:18 20.9.2020

У сьпісе затрыманых «Вясны» ўжо 133 чалавекі. Абнаўляецца

Падчас нядзельных «Маршаў справядлівасьці» ў Менску, Горадні, Гомлі, Берасьці і Магілёве адбыліся кропкавыя затрыманьні дэманстрантаў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Праваабаронцам вядомыя прозьвішчы ўжо 83 чалавек, затрыманых у Менску, і 50 — у рэгіёнах. Сьпіс абнаўляецца.

Сярод затрыманых у Менску падчас маршу – сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Алег Майсееў (давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай).

19:06 20.9.2020

19:01 20.9.2020

Затрыманьні ў Менску: жанчыне стала блога, яе забрала «хуткая»

Каля філярмоніі на плошчы Якуба Коласа ў Менску ходзяць сілавікі ў чорным, затрымліваюць людзей.

Жанчыне, якая зьбягала ад АМАПу каля філярмоніі, стала блага. Яе забрала «хуткая дапамога».

На вуліцы Багдановіча ў Менску, у раёне казіно «Белая вежа», таксама затрымліваюць людзей.

18:55 20.9.2020

У Маскве за бел-чырвона-белыя беларускія сьцягі затрымалі 8 чалавек

У цэнтры Масквы падчас традыцыйнага сталічнага маратону паліцыя затрымала восем чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. А каля пасольства Беларусі ў Маскве затрымалі сьпявачку Анжаліку Агурбаш, якая прыйшла падтрымаць пратэст беларусаў.

Усіх затрыманых пазьней адпусьцілі з абавязаньнем зьявіцца для складаньня пратаколаў аб парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў. Адна з затрыманых, Анастасія Пікуліна, расказала, што яна і яшчэ некалькі чалавек прыйшлі на маратон зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб падтрымаць сваіх сяброў — спартоўцаў зь Беларусі, якія ўдзельнічалі ў забегу. Пікуліна падкрэсьліла, што яе кампанія стаяла на пляцоўцы для гледачоў і ніякага «недазволенага мітынгу», у якім яе абвінаваціла паліцыя, не праводзіла.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG