Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За імі нашая краіна». Непаўналетнюю гарадзенку затрымалі падчас «Маршу герояў» і апыталі без бацькоў


Паліна Курс

Пятнаццацігадовую Паліну Курс затрымалі ў Горадні разам зь сястрой Маргарытай 13 верасьня. Дзяўчынку апытвалі без прысутнасьці бацькоў.

Як расказала Паліна, яна разам з 25-гадовай сястрой Маргарытай ішла ў заалягічную краму ў раёне вуліцы Горкага. Побач праходзіла калёна пратэстоўцаў, пачаліся затрыманьні. Амапаўцы хацелі схапіць пажылую жанчыну, дзяўчаты за яе заступіліся. Урэшце затрымалі і абедзьвюх дзяўчат, і жанчыну. Ім заламалі рукі і адвялі ў аўтазак. Маргарыце сарвалі з твару маску, яна згубіла пры затрыманьні адну з красовак. У малым памяшканьні аўтазаку, разьлічаным на 6 чалавек, сядзелі 8 затрыманых.

У Ленінскім РАУС іх сфатаграфавалі, перапісалі асабістыя дадзеныя. Дазвалялі выходзіць у прыбіральню, давалі папіць вады. На дзьве гадзіны Паліну забралі ад старэйшай сястры ў асобны кабінэт. Яе сам-насам апытваў інспэктар у справах непаўналетніх, як яна зразумела. У гэты час у кабінэце не было ні бацькоў, ні сацыяльнага пэдагога ці псыхоляга. Супрацоўнік пытаўся, дзе Паліна была і з кім, што рабіла. Ёй далі падпісаць дакумэнт, што яна «казала праўду і толькі праўду». Дзяўчына думае, што гэта быў пратакол, аднак на рукі ёй ніякіх папераў не выдавалі. Паліна заўважыла ў дакумэнце тры артаграфічныя памылкі.

«Я нэрвавалася, мяне давялі да сьлёз. Мяне выхоўвалі, як трэба сядзець. Я не лічу, што гэта нармальна», — кажа дзяўчына.

Пасьля апытаньня пазванілі ейнаму бацьку і перадалі дзяўчынку ў ягоныя рукі. Маргарыту дагэтуль ня выпусьцілі, яе перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Гая да суду. Суд яшчэ не адбыўся. Перадачы для яе не прынялі.

Бацька дзяўчат Анатоль Курс
Бацька дзяўчат Анатоль Курс

Як сказаў бацька сясьцёр Анатоль, да затрыманьня дачок ён ставіцца нэгатыўна.

«Нашыя органы паводзяць сябе некарэктна з насельніцтвам, з простымі людзьмі, хоць яны найперш павінны абараняць іх, а не караць. Нашыя праваахоўныя органы працуюць супраць народу, супраць насельніцтва. Я разумею, што ёсьць людзі, якія парушаюць закон. Але затрымліваць тых, хто ідзе па вуліцы, выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю... Я ня супраць, што дачка выходзіць», — пракамэнтаваў Анатоль.

Ён расказаў, што Паліна вучыцца ў гуманітарным каледжы на турыстычным кірунку. Зь міліцыі ўжо паведамілі на месца ейнай вучобы пра затрыманьне.

«У Менску студэнты выходзяць на плошчы. Цяпер за імі нашая краіна. Тое, што мы будуем, што мы робім, — гэта для іх. Я сваё жыцьцё пражыў і не шкадую, дзьве дачкі выхаваў, дом пабудаваў, колькі дрэваў пасадзіў, ня ведаю. Хочацца, каб нашыя дзеці жылі лепш за нас», — кажа мужчына.

Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтар пра прычыны і дэталі допыту неўпаналетняй гарадзенкі ў прэс-службе УУС Горадзенскага аблвыканкама.


Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG