Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта трагедыя ўсяго нашага народу». Што сказаў біскуп Юры Касабуцкі падчас імшы за забітых і катаваных


5 верасьня ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены адбылася імша за пацярпелых, забітых і зьняволеных на мірных акцыях пратэсту ў Беларусі.

Да іх духоўна далучыліся яшчэ каля 3 тысяч вернікаў, якія глядзелі онлайн-трансьляцыю набажэнства на партале Catholic.by.

Падчас службы з плошчы Незалежнасьці чуліся папярэджаньні «аб незаконнасьці ўдзелу ў масавым мерапрыемстве», былі падагнаныя аўтазакі.

Пакуль арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіцца ў выгнаньні і ня мае магчымасьці вярнуцца на радзіму, генэральны вікарый Юры Касабуцкі ажыцьцяўляе пастырскае кіраўніцтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

У прамоўленай гаміліі ён нагадаў, якія жудасьці давялося перажыць многім удзельнікам мірных акцый у розных месцах Беларусі і што некаторыя ўжо ніколі ня вернуцца дадому.

«Даруй нам, Божа, за тое, што на нашай зямлі хтосьці загінуў, бо гэта трагедыя ўсяго нашага народу!», — сказаў герарх, дадаўшы, што людзі загінулі толькі за тое, што хацелі праўды і справядлівасьці.

«Трагедыя народу, якая цяпер адбываецца ў нашай краіне, паказала нам, хто ёсьць хто. Але як гэтая трагедыя, гэты крызіс аб’яднаў людзей. На нас ціснуць, але мы самі становімся іншымі. Шляху назад няма. Але ёсьць шмат дабра для кожнага з нас. Гэта наша салідарнасьць».

Юры Касабуцкі расказаў, якімі жахлівымі сьведчаньнямі зь ім дзяліліся людзі, што перажылі зьдзекі і катаваньні на Акрэсьціна і ў іншых месцах зьняволеньня. Пры гэтым біскуп падкрэсьліў, што фізычныя раны, нават цяжкія, загояцца, але найбольш страшныя наступствы псыхалягічнай траўмы.

«Мы, беларусы, заўсёды былі мірнымі людзьмі, міралюбнымі. Заўсёды жылі ў згодзе, але ў нас сеюць гэтую нянавісьць, сеюць злосьць у нашыя сэрцы. Мы асабліва молімся за ўсіх людзей, якія пацярпелі ад гвалту: за тых студэнтаў, якіх жудасна хапалі, скручвалі; за дзяўчыну, якую цягнулі за валасы. Кожны зь іх атрымлівае псыхалягічную траўму, зь якой трэба будзе жыць», — сказаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Гаворачы пра выгнаньне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і абвінавачаньні ў яго адрас, што ён «улез у палітыку», біскуп задаў рытарычныя пытаньні.

«Калі мы кажам, што выступаем супраць гвалту — гэта палітыка? Калі кажам, што выступаем супраць катаваньняў — гэта палітыка? Калі молімся кожны дзень, каб ніколі не было ў нашай краіне чагосьці падобнага — гэта палітыка? Калі мы кажам, што хочам жыць у праўдзе, у сумленнасьці, у добразычлівасьці, — гэта палітыка? Мы ня лезем у палітыку: мы проста молімся за ўвесь народ без выключэньня», — сказаў ён.

Ад імя Менска-Магілёўскага Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча біскуп Юрый Касабуцкі шчыра падзякаваў усім удзельнікам малітвы. Ён аддаў нізкі паклон беларускім жанчынам, якія з кветкамі ў руках зьдзейсьнілі геройскі ўчынак, выйшаўшы на вуліцы з пасланьнем міру.

Прамову сьвятара прысутныя сустрэлі авацыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG