Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыйдуць у Беларусь пуцінскія сілавікі?


Пры якіх умовах Уладзімір Пуцін можа паслаць у Беларусь падрыхтаваную рэзэрву сілавікоў? Якімі могуць быць мэты гэтай апэрацыі? Якой рэакцыі Захаду на гэта можна чакаць?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды: беларускай службы — Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык, і расейскай службы — Яраслаў Шымаў.

Сьцісла

Навумчык

  • «Чырвоная рыса» для Крамля — гэта сілавы прымус адносна Лукашэнкі, каб ён сышоў, скажам, аблога ці штурм Палаца Незалежнасьці
  • Лукашэнка скінуў зь сябе ўсю сваю шматвэктарнасьць, ён ізноў загаварыў пра супольную айчыну ад Берасьця да Ўладзівастоку
  • Ніякія самалёты ці танкі з боку Польшчы ці Літвы ў бок Беларусі ня рушаць. Ніякага вайсковага ўмяшаньня ня будзе
  • З боку Захаду будуць такія маштабныя санкцыі, якія не ўжываліся адносна Расеі ніколі

Шымаў

  • Калі сытуацыя прыме сілавы характар, Крэмль можа вырашыць — там усё пайшло ўразнос, уваходзім і наводзім парадак.
  • Зь іншага боку, калі абазначыцца страта палітычнага кантролю, то і тут можна будзе сказаць — у краіне хаос, трэба дапамагчы
  • Гэта сапраўды вельмі архаічная і заснаваная на геапалітыцы акцыя, падобная да корпусу Паскевіча, які быў пасланы Мікалаем І на дапамогу імпэратару Францу Іосіфу
  • Пуцін разумее, што ў беларускай сытуацыі ў яго калі не тузовы покер, то вельмі добрая камбінацыя
  • Нейкай надта рэзкай рэакцыі Захаду на магчымыя абвастрэньні ў Беларусі я б не чакаў

Дракахруст: Уладзімір Пуцін у тэлеінтэрвію паведаміў, што падрыхтаваў рэзэрву з супрацоўнікаў праваахоўных органаў, каб увесьці яе ў Беларусь на выпадак надзвычайных абставінаў, «калі сытуацыя выйдзе з-пад кантролю», «калі пачнецца рабаваньне банкаў, разбой». А якія канкрэтныя чыньнікі, якое разьвіцьцё падзеяў можа стаць трыгерам для ўводу ў Беларусь гэтых сілаў?

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Навумчык: Пуцін пакінуў сабе шырокае поле магчымасьцяў. Ён прыгадаў нават перакульваньне машын. У Францыі іх рэгулярна перакульваюць. Сытуацыя ў Беларусі была вельмі вострая ў першыя дні пасьля выбараў. Але іх цяжка назваць беспарадкамі, гвалт тады чынілі ўлады, а зусім не пратэстоўцы. Я думаю, што «чырвоная рыса» для Крамля — гэта сілавы прымус адносна Лукашэнкі, каб ён сышоў, скажам, аблога ці штурм Палаца Незалежнасьці. Хаця гэта даволі фармальны акт, у Лукашэнкі 19 рэзыдэнцыяў па краіне. А другая «чырвоная рыса» — калі б кіраўніком Беларусі стаў чалавек, які б разьвярнуўся на 180 градусаў, да Эўразьвязу і да NATO. Зараз Лукашэнка скінуў зь сябе ўсю сваю шматвэктарнасьць, ён ізноў загаварыў пра супольную айчыну ад Берасьця да Ўладзівастоку.

Дракахруст: Пуцін сказаў пра дзьве рэчы — пра гвалт, пагромы, рабаваньне, а таксама пра страту кантролю. Можа быць так, што пратэсты працягваюцца мірна, сыстэма сыплецца, Караеў з Вакульчыкам пакаяліся і ўвайшлі ў Каардынацыйную раду. Гэта не пагром. Але зь іншага боку — гэта відавочная страта кантролю з боку Лукашэнкі. Для Пуціна крытэр — гвалт ці страта кантролю?

Яраслаў Шымаў
Яраслаў Шымаў

Шымаў: Пуцін зараз адносна Беларусі ў вельмі выгадным становішчы. З аднаго боку, абложаны і палітычна аслаблены Лукашэнка, з другога боку — праціўнікі, за якімі відавочная большасьць насельніцтва, але яны ня маюць сілавога рэсурсу, каб Лукашэнку адхіліць. А з трэцяга боку — Захад, які ня мае намеру як бы там ні было, акрамя «глыбокай заклапочанасьці», умешвацца ў беларускую сытуацыю. Крэмль будзе рухацца на паралельных курсах. Калі сытуацыя прыме сілавы характар, Крэмль можа вырашыць — там усё пайшло ўразнос, уваходзім і наводзім парадак. З другога боку, калі абазначыцца страта палітычнага кантролю, то і тут можна будзе сказаць — у краіне хаос, трэба дапамагчы. Напачатку крамлёўскія СМІ былі ледзь не на баку пратэстоўцаў, цяпер яны рэзка памянялі курс на падтрымку Лукашэнкі. Яны дэманструюць, што могуць дзейнічаць па-рознаму.

Дракахруст: Цяперашнюю пагрозу візыту «ветлівай рэзэрвы» часам параўноўваюць з Крымам, з Данбасам, з Вугоршчынай-56, Чэхаславаччынай-68. Але здаецца, што больш дакладная аналёгія — глыбей у гісторыі. Украінская ўлада Пуціна ў Крым не запрашала, Імрэ Надзь танкі Хрушчова не запрашаў, Аляксандар Дубчак армію Брэжнева не запрашаў. Мадэль, на якую фактычна спасылаўся Пуцін у сваім інтэрвію, — гэта 1848 год. Рэвалюцыя ў Аўстрыі, імпэратар якой папрасіў расейскага імпэратара Мікалая І дапамагчы здушыць бунт, мяцеж. І Мікалай у межах Сьвятога саюзу дапамог, расейскія войскі патапілі ў крыві рэвалюцыю ў Вугоршчыне. Але потым і сышлі. Гэта менавіта такая схема?

Шымаў: Так, вы слушна сфармулявалі. У пазьнейшых выпадках ХХ і пачатку ХХІ стагодзьдзя быў унутраны раскол. Крым нельга разглядаць ізалявана. Анэксія Крыму — частка крызісу ва Ўкраіне, які прывёў да зрынаньня Януковіча. Але рашэньне аб адхіленьні Януковіча ад улады там праштампавала большасьць легітымнай Вярхоўнай Рады. Там быў раскол элітаў.

Тое самае было ў Чэхаславаччыне ў 1968 годзе. Савецкія войскі запрасілі таварышы, якія стаялі на высокіх трыбунах. У Вугоршчыне ў 1956 годзе быў Імрэ Надзь, але і Эрнё Ґэрэ і Янаш Кадар — таксама відныя партыйныя таварышы.

У Беларусі ж не назіраецца нейкага расколу ўладнай эліты. Таму гэта сапраўды вельмі архаічная і заснаваная на геапалітыцы акцыя, падобная да корпусу Паскевіча, які быў пасланы Мікалаем І на дапамогу імпэратару Францу Іосіфу. Ці яшчэ раней — у 1823 годзе, калі рэжым Рэстаўрацыі ў Францыі дапамог кансэрватыўнаму гішпанскаму каралю Фэрдынанду VІІ утрымацца на троне супраць лібэральных «мяцежнікаў».

Гэта сапраўды такое братэрства ўладароў, пры тым, што легітымнасьць цяперашніх «гасудараў» не такая, якая была ў ХІХ стагодзьдзі. Тыя кіравалі як бы «міласьцю Божай». А гэтыя нібыта народам абраныя, але, як бачым, да народнага волевыяўленьня належаць даволі апасродкавана.

Дракахруст: Якая будзе рэакцыя Захаду на аналяг карнай апэрацыі корпусу Паскевіча? Намесьнік дзяржсакратара Стывэн Бігэн, калі прыяжджаў у Маскву, папярэджваў Расею, што калі яна ўлезе ў Беларусь са зброяй, то мала ёй не падасца. Але ці можа быць вайсковае супрацьдзеяньне такому гіпатэтычнаму рэйду?

Навумчык: Я згодны зь Яраславам, які ўжыў гэты выраз — «глыбокая занепакоенасьць». Сапраўды, Стывэн Бігэн сказаў Сяргею Лаўрову, што будуць вельмі сапсаваныя стасункі ЗША і РФ, калі адбудзецца такое ўмяшаньне. Прычым гэта будзе незалежна ад таго, ці будзе адпаведная просьба з боку Лукашэнкі.

Адказваючы на ваша пытаньне, мяркую, што мы пабачым тое самае, што мы бачылі падчас украінскага крызісу. Юрыдычныя падставы для больш энэргічнага адказу ёсьць — гэта Будапэшцкі мэмарандум, калі за вывад ядзернай зброі зь Беларусі і Ўкраіны тыя ж ЗША гарантавалі абарону сувэрэнітэту гэтых краінаў. Але мяркую, што ніякія самалёты ці танкі з боку Польшчы ці Літвы ў бок Беларусі ня рушаць. Ніякага вайсковага ўмяшаньня ня будзе.

Відавочна, што любое такое сутыкненьне, нават калі гэта будзе не расейская рэгулярная армія, а Расгвардыя ці паліцыя, прывядзе да вайны. Іншая справа, што з боку Захаду будуць такія маштабныя санкцыі, якія не ўжываліся адносна Расеі ніколі. У якой ступені Пуцін гатовы пайсьці на рызыку выклікаць супраць сябе такія санкцыі? Я мяркую, што гатовы.

Шымаў: Я ня думаю, што Пуцін абярэ сцэнар такога ўварваньня. Пакуль дзеяньні Расеі ў беларускім крызісе паказваюць, што і ў Крамлі нечаму навучыліся з 2014 году. Пуцін разумее, што ў беларускай сытуацыі ў яго калі не тузовы покер, то вельмі добрая камбінацыя. І сілавыя варыянты тут настолькі крайнія... Пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе. Што зь ім рабіць, у значнай ступені залежыць ад Крамля.

Цікава будзе, як пройдзе анансаваная сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. На дадзены момант я ня бачу для Расеі неабходнасьці прымаць рашэньне аб «уратаваньні братэрскай краіны». Пагроза ўжо агучаная, і на дадзены момант гэтага цалкам дастаткова.

А што тычыцца рэакцыі Захаду — я пагаджуся зь Сяргеем, могуць быць нейкія больш жорсткія санкцыі. Падчас абвастрэньня канфлікту ва Ўкраіне шмат гаварылася пра магчымасьць адключэньня Расеі ад сыстэмы міжбанкаўскай камунікацыі SWIFT. Вось гэта быў бы сур’ёзны ўдар. Але ж яго не было.

Беларускі крызіс прыпаў на час, калі ЗША перажываюць няпросты ўнутраны момант. Па-першае, сацыяльна-палітычны крызіс. Па-другое, прэзыдэнцкія выбары, якія будуць вельмі вострымі. І Беларусь там ня ў першых пунктах парадку дня.

А што тычыцца ЭЗ, то ён відавочна падзелены на дзьве групы. Ёсьць група непасрэдных суседзяў Беларусі — Польшча, краіны Балтыі, падобную пазыцыю займае і Швэцыя. Пазыцыю гэтай групы вельмі аслабіў выхад з ЭЗ Вялікай Брытаніі.

І другая група — цяжкавагавікі: Францыя, Нямеччына, Італія. Адзін нямецкі палітоляг назваў гэтую групоўку «кааліцыяй белага сьцяга», які заўсёды займае мяккую пазыцыю адносна Крамля. Паколькі яны цяжкавагавікі, яны заўсёды будуць пераважаць у рамках ЭЗ. Таму нейкай надта рэзкай рэакцыі Захаду на магчымыя абвастрэньні ў Беларусі я б не чакаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG