Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З «Новага радыё» звольніўся вядоўца, які расказаў пра беларускія пратэсты казачнымі алегорыямі 


Пратэсты ў Менску, 25 жніўня 2020 году.

Дзьмітры Лаўроў — радыёвядоўца, які расказаў у эфіры аб пратэстах каля Міністэрства адукацыі на прыкладзе Хогвартса, — напісаў заяву паводле ўласнага жаданьня.

Дзьмітры вёў эфіры на «Новым радыё», заснавальнік якога — Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ляяльная Аляксандру Лукашэнку. Як паведамляе Tut.by, падчас уключэньня 25 жніўня ён расказаў пра акцыю салідарнасьці каля Міністэрства адукацыі. Зрабіў гэта не наўпрост, а пераклаўшы беларускія рэаліі на казачны лад.

«Думаю, на маё звальненьне больш паўплываў мой камэнтар Tut.by, чым гісторыя пра Хогвартс. Я расказаў пра негалосную цэнзуру, якой прасілі прытрымлівацца супрацоўнікаў нашага радыё ў асабістых сацсетках, — кажа ён. — Пасьля гэтага думка калегаў падзялілася. Падтрымка тых, хто мяне і раней падтрымліваў, засталася. Астатнія, як я зразумеў, сталі лічыць мяне здраднікам. Я вырашыў, што ня буду працягваць кантракт. Ён у мяне быў да 10 верасьня».

31 жніўня яму патэлефанаваў юрыст і паведаміў, што кіраўніцтва заяву падпісала.

«Я рады, што так адбылося, пра гэта кажу ўсім сваім знаёмым, — кажа Дзьмітры. — Я не зьбіраўся заставацца, і каб не сышоў цяпер, звольніўся б 10 верасьня».

Па словах вядоўцы, да канца тыдня ён зьбіраецца адпачываць, а потым зоймецца пошукамі працы. Прапановы ўжо паступаюць. Адна зь іх — на тэлебачаньні, але працаваць прыйдзецца за мяжой.

«Ехаць з краіны я пакуль не хачу, хачу быць карысны тут», — падсумоўвае Дзьмітры Лаўроў.

Заснавальнік «Новага Радыё» — выдавецкі дом «Праф-Прэс» Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая застаецца ляяльнай Аляксандру Лукашэнку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG