Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справы ўсіх журналістаў, затрыманых падчас студэнцкага пратэсту, вярнулі на дапрацоўку. Самі яны на Акрэсьціна

абноўлена

Акцыя журналістаў у падтрымку затырманых калег каля Кастрычніцкага РУУС, Менск, 2 верасьня.

Справы ўсіх шасьці затрыманых падчас учорашняга студэнцкага пратэсту журналістаў суд адправіў на дапрацоўку. Але журналісты па-ранешаму знаходзяцца ў Кастрычніцкім РУУС Менска.

Пасьля 21.00 з РУУС выехаў мікрааўтобус зь людзьмі. Пасьля гэтага супрацоўнік у цывільным паведаміў, што затрыманых журналістаў зьвезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. Заўтра працягнуцца суды над імі. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, паведамляе БАЖ.

Што здарылася

Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, «Комсомольской правды в Беларуси» Мікіту Недаверкава, Сяргея Шчогалева і Марыю Эляшэвіч, а таксама Андрэя Шаўлюгу зь БелаПАН затрымалі 1 верасьня каля 17.00 у раёне стадыёну «Дынама» і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, як ім было заяўлена, «для праверкі дакумэнтаў».

Журналісты выконвалі прафэсійныя абавязкі і асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту, якая праходзіла ў Менску. Рэпартэры былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на сьпіне. Акрамя таго, у іх былі бэджы з фота і назвай выданьня, якое яны прадстаўляюць.

У чым абвінавацілі журналістаў

Затрыманыя журналісты правялі ноч у Кастрычніцкім РУУС. На ўсіх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КоАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў») ​за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Па гэтым артыкуле прадугледжана пакараньне ў выглядзе штрафу або адміністрацыйнага арышту.

Некалькі дзясяткаў журналістаў Tut.by і іншых СМІ на знак падтрымкі і салідарнасьці правялі ноч і цэлы дзень ля будынка РУУС. Падтрымаць журналістаў прыехала сябра Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава.

«Каардынаваў дзеяньні натоўпу». Як судзілі журналістаў

Разгляд спраў затрыманых журналістаў у судзе Кастрычніцкага раёну пачалі толькі пасьля 14-й гадзіны. ​

На працэсе фотакарэспандэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгі адвакат журналіста Сяргей Зікрацкі зьвярнуў увагу судзьдзі на нестыкоўкі ў рапарце АМАПу і пратаколе правапарушэньня і падаў хадайніцтва аб дапрацоўцы справы.

Фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга ўдзельнічаў у працэсе праз скайп
Фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга ўдзельнічаў у працэсе праз скайп

Допыт Андрэя Шаўлюгі прайшоў праз скайп, самога фатографа ў суд не прывезьлі. Як і іншыя затрыманыя журналісты, ён застаецца ў Кастрычніцкім РУУС. Сам Шаўлюга на працэсе паведаміў, што «выконваў працу, у мітынгу ня ўдзельнічаў».

Судзьдзя Рудэнка таксама дапытала сьведку Аляксандра Кавалёва, супрацоўніка АМАП, які затрымліваў журналіста. АМАПавец расказаў, што адсочваў перасоўваньне студэнтаў. У 16:50, паводле паказаньняў Кавалёва, Шаўлюга заклікаў студэнтаў «не разыходзіцца, а ісьці далей». Дзе дакладна знаходзіўся падчас шэсьця журналіст, міліцыянт паведаміць ня змог. Паводле паказаньняў Кавалёва, Андрэй Шаўлюга «каардынаваў дзеяньні натоўпу, бо быў у сіняй камізэльцы з надпісам „Прэса“».

У абарону Шаўлюгі на судзе сьведчыла студэнтка Елізавета Хадакоўская. Яна бачыла, як міліцыянты затрымлівалі журналістаў. Падчас затрыманьня Елізавета пыталася ў міліцыі, навошта яны гэта робяць. Паводле яе словаў, праваахоўнікі адказалі, што робяць гэта «для праверкі акрэдытацыі».

Як судзілі іншых журналістаў

Урэшце справы ўсіх шасьці затрыманых падчас учорашняга студэнцкага пратэсту журналістаў суд адправіў на дапрацоўку.

У жніўні журналістаў затрымлівалі 150 разоў

Спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да СМІ неаднаразова заклікала Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) і міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў». Паводле зьвестак БАЖ, толькі ў жніўні прадстаўнікоў СМІ затрымлівалі больш за 150 разоў.

29 жніўня замежных журналістаў беларускіх журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, пачалі масава пазбаўляць акрэдытацыі МЗС. Шэраг недзяржаўных інтэрнэт-выданьняў заблякаваны. Рашэньня аб пазбаўленьні акрэдытацыі і блякаваньні інтэрнэт-СМІ прымае міжведамасная камісія па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры, куды ўваходзяць прадстаўнікі Савета бясьпекі, Адміністрацыі прэзыдэнта, КДБ, Мінабароны, Мінінфармацыі і некаторых іншых дзяржструктур.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG