Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні студэнты і выкладчыкі сабралі подпісы за новыя выбары і вызваленьне палітвязьняў


Унівэрсытэт імя Янкі Купалы ў Горадні

Больш за 2 тысячы студэнтаў і выкладчыкаў Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы паставілі подпісы пад зваротам, у якім выставілі шэраг патрабаваньняў, у тым ліку — новыя выбары.

Аўтары звароту адзначаюць, што выбары 9 жніўня прайшлі з парушэньнямі. Яны не былі адкрытымі і галоснымі, незалежных назіральнікаў не пусьцілі на ўчасткі, на многіх участках перабольшылі яўку, ня ўсе выбарнікі маглі азнаёміцца з выніковымі пратаколамі.

Да таго ж яны зьвярнулі ўвагу на гвалт на вуліцах падчас мірных пратэстаў, затрыманьні людзей, якія нават ня ўдзельнічалі ў акцыях, катаваньні ў пастарунках і ізалятарах.

«Мы хочам жыць у краіне, дзе выбары праходзяць сумленна... дзе міліцыя гарантуе бясьпеку грамадзянаў, а не пагражае іхняму жыцьцю і здароўю... Мы хочам не баяцца выходзіць на вуліцу ў сваім горадзе», — гаворыцца ў звароце горадзенскіх «купалаўцаў».

Патрабаваньні, якія падтрымалі падпісанты звароту, наступныя:

  • прыцягнуць да адказнасьці тых, хто зьбіваў і забіваў пратэстоўцаў;
  • вызваліць палітзьняволеных і затрыманых падчас мірных пратэстаў;
  • прызнаць выбары 9 жніўня несапраўднымі, правесьці новыя выбары;
  • прыцягнуць да адказнасьці тых, хто ўдзельнічаў у фальсыфікацыі вынікаў выбараў.

Свае подпісы пад зваротам пакінулі студэнты ўсіх факультэтаў вучэльні, магістранты, выпускнікі розных гадоў, а таксама больш за 50 выкладчыкаў. Сярод апошніх — Валянцін Аскірка, Ільля Сульжыцкі, Юры Бейцюк, Алена Кузьміч, Дзіяна Баневіч, Алеся Благуціна, Натальля Ларыёнава, Аляксандар Лялікаў, Ігар Губарэвіч, Сяргей Чаргейка, Ірына Банах, Яўген Дзірвук, Ян Навіцкі, Мікалай Варонін, Елізавета Гаўкалюк, Сяргей Марозаў, Сяргей Піваварчык, Вольга Дробыш, Алеся Станкевіч, Жанна Сідаровіч, Ганна Сянько, Тацяна Камышнікава, Віталь Стэфановіч, Валянціна Лялікава, Сьвятлана Сілава, Вольга Юшкевіч, Людміла Якшук, Тацяна Аўтуховіч, Аксана Баярчук, Марына Кузьняцова.

Рэктар Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Ірына Кітурка заявіла аб падтрымцы «купалаўцаў», якія пацярпелі пры затрыманьні сілавікамі, а таксама паабяцала не звальняць выкладчыкаў і не адлічваць студэнтаў за палітычныя погляды, перадаваў раней партал Hrodna.Life. Рэктар гэта сказала 24 жніўня на сустрэчы зь сябрамі ініцыятыўнай групы, якія выставілі палітычныя патрабаваньні да ўладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG