Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: Адбылося дафармаваньне беларускай нацыі і народны рэфэрэндум аб вяртаньні нацыянальнай сымболікі


«Марш новай Беларусі» ў Менску, 23 жніўня

Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў лічыць, што адбылося канчатковае дафармаваньне беларускай нацыі. Падзеі апошняга месяца ў Беларусі ён называе «жнівеньскай рэвалюцыяй».

У жывым эфіры Радыё Свабода Ўладзімер Арлоў заявіў, што «можна з абсалютнай пэўнасьцю сказаць сёньня — адбылося канчатковае дафармаваньне беларускай нацыі».

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

«Улада спрабавала штучна запаволіць гэты працэс. Але падзеі апошніх месяцаў сыгралі супраць улады, іхняя палітыка толькі паскорыла гэты працэс. І мы ўбачылі сьпелую эўрапейскую нацыю. Пра гэта сьведчаць мірныя пратэсты і безьліч іншых прыкладаў. Падчас пратэстаў адбыўся стыхійны народны рэфэрэндум аб вяртаньні нашай нацыянальнай сымболікі. Вокліч „Жыве Беларусь!“, у якім у максымальна ляпідарнай форме фармулюецца сёньняшняя беларуская нацыянальная ідэя, вельмі сугучны з паролем паўстанцаў Каліноўскага „Каго любіш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна“», — лічыць літаратар.

Паводле яго, прадвесьцем цяперашніх падзеяў у Беларусі было пахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў-паўстанцаў у лістападзе 2019 году ў Вільні.

«Калі туды прыехалі тысячы беларусаў, луналі тысячы сьцягоў. Я тады падумаў: калі мы ўбачым столькі сьцягоў на вуліцах Менску? Прайшло некалькі месяцаў — і мы іх убачылі. І гэта сьведчаньне таго, што мы, беларусы, зноў сталі эўрапейскай нацыяй. На працягу стагодзьдзяў мы знаходзіліся ва ўлоньні эўрапейскай цывілізацыі, культуры. Адтуль нас вырвала расейская акупацыя канца XVIII стагодзьдзя. Цяпер мы вяртаемся як эўрапейскі народ».

Цяперашнія пратэсты ў Беларусі супраць улады Аляксандра Лукашэнкі ён назваў «жнівеньскай рэвалюцыяй».

«Мне бачацца аналёгіі з Аксамітнай рэвалюцыяй у Чэхаславаччыне. Але ёсьць і нюансы. Я бачу, што беларускай нацыі супрацьстаіць даволі маналітны дзяржаўны апарат, дзе людзей зь верху да нізу не абіраюць, а прызначаюць. І цяпер яны ня проста трымаюцца за гэтыя пасады, але ўжо і павязаныя крывёй», — кажа Ўладзімер Арлоў.

Паводле яго, прадказаць бліжэйшыя падзеі «даволі цяжка», але ён прадбачыць нарастаньне пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG