Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: «У нас на вачах робіцца нацыя, беларускі народ»


Сьвятлана Алексіевіч

«Дарэмна думаць, што 7 або 600 чалавек сабраліся — і яны нешта зрабілі з народам. Гэта народ прыйшоў да гэтага. Гэта ў нас на вачах робіцца нацыя, беларускі народ», сказала Сьвятлана Алексіевіч за хвіліны да допыту ў Сьледчым камітэце.

«Я адчуваю, што ўсё, што мы рабілі, гэта цалкам законна. Больш за тое, гэта вельмі патрэбна сёньня, таму што калі так нас будуць падзяляць, мы абавязкова скоцімся да грамадзянскай вайны, гэта вельмі небясьпечна. І наша мэта была — толькі аб’яднаць грамадзтва, дапамагчы пераадолець палітычны крызіс. Ні аб якім перавароце...

Дарэмна думаць, што 7 або 600 чалавек сабраліся — і яны нешта зрабілі з народам. Гэта народ прыйшоў да гэтага. Гэта ў нас на вачах робіцца нацыя, беларускі народ.

Думаю, кожны з вас ганарыцца сваім народам. Яшчэ нядаўна гэтага не было, а сёньня, калі мы бачым тысячныя рухі людзей, іх твары (вы б бачылі цудоўныя развароты ў заходніх СМІ!), зьявіўся брэнд Беларусі. Ім падабаецца, што ніводзін газон не памяты, ніводная вітрына не пабітая, мы прапануем новы спосаб, мірны спосаб барацьбы. Тое, чаго патрабуе сёньняшні час — час, калі чалавечае жыцьцё вартае і чалавек шануе сваё жыцьцё. І тое, што мы бачылі ў першыя тры дні супрацьстаяньня, калі зь людзей рабілі мяса, — гэта ўжо мінулае стагодзьдзе.

Мы павінны размаўляць адзін з адным, спрачацца. Мы розныя, але ў нас ёсьць Беларусь, адна краіна... Я думаю, нам трэба быць разам, не саступаць. Ня дай Бог, каб пралілася кроў з нашага боку, мы павінны перамагчы духам, сілай сваіх перакананьняў.

Гэта будуць доўгія палітычныя ракіроўкі, напэўна. Я бачу, што трэба, сьвет нам дапаможа, каб Лукашэнка стаў размаўляць з кімсьці, цяпер ён размаўляе толькі з Пуціным, можа, і Пуціна трэба прыцягнуць і сьвет, каб Лукашэнка зразумеў, што нельга [ставіць] сваё жыцьцё, жыцьцё сваёй сям’і, на адну дошку з сваім народам. Але тут нам павінны дапамагчы, нам патрэбна дапамога сьвету і, можа, і Расеі, калі мы яе зможам прыцягнуць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG